У 76-ю гадавіну другога этапу масавай дэпартацыі жыхароў Заходняй Беларусі ў Сыбір, які адбыўся 13 красавіка 1940 году, грамадзкія актывісты ўшануюць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах.
Увечары 13 красавіка яны ўскладуць кветкі, запаляць зьнічы і будуць маліцца каля курапацкіх крыжоў.
Напярэдадні ў сядзібе Партыі БНФ адбылася вечарына памяці «Клянуся і сьведчу», прысьвечаная ахвярам дэпартацыі 1940–1941, 1951 гадоў у Беларусі.
Удзел у ёй узялі нашчадкі ахвяраў дэпартацыі, навукоўцы-гісторыкі, грамадзкія актывісты.
Імпрэза сталася першай з шэрагу заплянаваных у межах акцыі «Зьніч Памяці», прысьвечаных ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў, якую праводзіць аргкамітэт дзеля стварэньня гісторыка-асьветніцкага аб’яднаньня «Вяртаньне памяці».