Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўшануюць ахвяраў сталінскіх дэпартацыяў беларусаў


Ілюстрацыйнае фота. Музэй сталінскіх рэпрэсій у Бабруйску, асобныя экспанаты кампазыцыі
Ілюстрацыйнае фота. Музэй сталінскіх рэпрэсій у Бабруйску, асобныя экспанаты кампазыцыі

У сядзібе Партыі БНФ сёньня адбудзецца вечарына памяці «Клянуся і сьведчу», прысьвечаны ахвярам дэпартацыі 1940–1941, 1951 гадоў у Беларусі.

Імпрэзу ладзіць аргкамітэт у стварэньні гісторыка-асьветніцкага аб’яднаньня «Вяртаньне памяці». Сябра аргкамітэту, грамадзкая актывістка Ганна Шапуцька распавяла:

Ганна Шапуцька
Ганна Шапуцька

«Мы распачынаем шэраг вечарынаў пад назвай „Зьніч Памяці“, прысьвечаных памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Плянуем удзел гісторыкаў, музыкаў, паэтаў, мастакоў, кінарэжысэраў, грамадзкіх дзеячоў. Сваякі і нашчадкі рэпрэсаваных падзеляцца сваімі сьведчаньнямі, успамінамі, прадэманструюць дакумэнтальныя факты і мастацкія творы, датычныя тых падзеяў.

Першай стане вечарына, прысьвечаная тэме масавай дэпартацыі беларусаў, якая адбывалася ў пяць этапаў, распачынаючы з 1940 і заканчваючы 1951 годам. Галоўнымі сьведкамі і выступоўцамі будуць двое чалавек — сваякі рэпрэсаваных. Таксама адбудзецца выступ рэжысэра Валерыя Мазынскага, барда Аляксея Галіча, паэта Сяргея Законьнікава, гісторыка Ігара Кузьняцова і іншых асобаў».

Як паведаміла Ганна Шапуцька, падчас вечарыны будуць гучаць выбраныя радкі з твораў паэта і вязьня сталінскіх лягераў Сяргея Грахоўскага:

«Я бачыў усё і ўсё перажыў. Лёс зьлітаваўся і наканаваў мне жывым выйсьці зь пекла і стаць Сьведкам на Судзе Гісторыі. Я памятаю сотні прозьвішчаў, імёнаў і абліччаў сваіх пабрацімаў па няволі, што ня выйшлі зь пекла і засталіся ў вечнай мерзлаце. Я памятаю садыстаў-сьледчых, злачынцаў-„судзьдзяў“, наглядчыкаў, лягерных начальнікаў і канваіраў.
Памятаю ўсё да драбніц і клянуся кожным словам, кожным радком гаварыць толькі праўду, каб ведалі людзі i ніколі не далі сябе ашукаць прыгожай хлусьнёй і д’ябальскім вераломствам. Сьведчу, каб нашы нашчадкі спазналі сапраўдную волю, роўнасьць і шчасьце на роднай акрыялай і расквітнелай зямлі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG