Кошт работ па захаваньні прыжыцьцёвага аблічча правадыра Кастрычніцкай рэвалюцыі заяўлены на сайце дзяржзакупак РФ.
Кантракт на працы па захаваньню прыжыцьцёвага аблічча цела Ўладзіміра Леніна ў 2016 годзе ацэнены ў 13 081 500 расейскіх рублёў (каля $ 197 тыс.), як вынікае з паведамленьня на партале дзяржзакупак.
Замоўшчыкам работ, пазначаным на сайце, выступае Фэдэральная служба аховы Расеі. У дакумэнце гаворыцца, што паслугу будзе аказваць адзіны пастаўшчык. Выглядае, гаворка ідзе пра аказаньні паслуг «Мэдыка-біялягічныя працы па захаваньні прыжыцьцёвага аблічча цела У.І. Леніна» на «рэгулярнай аснове» да лістападу 2016 году.
Пытаньне аб пахаваньні Леніна ў Расеі ўздымаецца даволі часта, але адназначнага меркаваньня з гэтай нагоды ў расейскім грамадзтве няма. Паводле розных крыніцаў, у пачатку 1990-ых, пры прэзыдэнце Барысе Ельцыне, у расейскім кіраўніцтве абмяркоўвалася магчымасьць пахаваньня Леніна, але рашэньня прынятае не было.
У студзені сёлета прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін надзвычай рэзка выказаўся пра ідэі правадыра Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў тады заявіў, што выказваньні прэзыдэнта не былі зьвязаныя з тым, што на парадку дня стаіць пытаньне аб пахаваньні цела Леніна:
«Такога пытаньня няма ні ў галіне дыскусіі, ні ў галіне нейкіх прыкладных разваг, ні ў прапрацоўцы, — сказаў Пяскоў. — Такое пытаньне наогул у парадку дня не стаіць».
Уладзімер Ленін памёр 21 студзеня 1924 году. Яго цела пасьля сьмерці забальзамавалі і зьмясьцілі ў Маўзалей на Краснай плошчы ў Маскве. З 1953 па 1991 год побач зь целам Леніна знаходзілася забальзамаванае цела Сталіна, якое было вынесенае з Маўзалею паводле рашэньня XXII зьезду КПСС і пахаванае на Краснай плошчы.
Самае папулярнае
1