Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску замалявалі графіці з партрэтам Аль Капонэ ФОТА


Графіці з партрэтам вядомага мафіёзі Аль Капонэ зьявілася на трансфарматарнай падстанцыі ў двары каля абласной бібліятэкі ў ноч з 6 на 7 красавіка. Сфатаграфаваць малюнак пасьпеў рэдактар сайта «Народныя Навіны Віцебска» Сяржук Серабро. Але большасьць гараджан не пасьпелі нават ўбачыць графіці — праз двое сутак яго зафарбавалі.

Хто зафарбоўваў контурны малюнак — белай фарбай па чорным полі — невядома.

Мясцовыя жыхары мяркуюць, што адміністрацыі бібліятэкі імя Леніна не спадабалася выслоўе «Я отдам три десятка своих головорезов за одного человека, умеющего решать вопросы, разговаривая».

Гэтая фраза была элемэнтам графіці, і яна прыпісваецца Аль Капонэ. Яшчэ адна вэрсія — што камусьці не спадабаўся герой малюнка. Цяпер на трансфарматарнай будцы малюнка няма: ёсьць толькі чорны простакутнік, які дасьціпныя гараджане жартоўна асацыююць са знакамітым чорным квадратам мастака-супрэматыста Казіміра Малевіча.

Мясцовыя жыхары распавядаюць і яшчэ адну гісторыю, праўдзівасьць якой доказаў ня мае, але не выклікае і сумневаў. Асабліва пасьля гісторыі з Аль Капонэ, якога намаляваў невядомы мастак — прынамсі, подпісу на графіці не было... Літаральна ў суседнім двары, гэтаксама на трансфарматарнай падстанцыі, ня так даўно зьявіўся малюнак па матывах вядомай камэдыі Леаніда Гайдая. На ім зьбіральнік фальклёру Шурык ўсхліпвае пад усходні тост: «Птичку жалко!» На графіці слова «птичка» няма, ёсьць толькі «жалко». Але цытата настолькі вядомая, што прапушчанае слова ні для каго не таямніца.

«Малюнак зьявіўся якраз неўзабаве пасьля таго, як у Менску арыштавалі нейкага Чыжа! Кажуць, буйнога бізнэсоўца. І таму мастакоў дакаралі, а малюнак таксама хацелі зафарбаваць», — апавяла «па сакрэце» спадарыня, гандлярка бліжэйшай крамы.

Дарэчы, аматараў разгледзець крамолу паміж радкоў і па-за словамі, можа зацікавіць і яшчэ адно графіці — што на супрацьлеглай сьценцы той самай трансфарматарнай будкі, дзе намаляваны Шурык. Тут галоўны герой — вядомы расейскі актор Яўген Лявонаў. А побач зь ім мядзьведзік Віні-Пух — пэрсанаж, агучаны Лявонавым у аднайменным мультфільме. І надпіс, які надта пільныя грамадзяне могуць палічыць падазроным: «Это ж-ж-ж неспроста!»

Ёсьць тут крамола ці няма?
Ёсьць тут крамола ці няма?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG