Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У бацькоў Скрабца канфіскуюць тэлевізар


Сяргей Скрабец, архіўнае фота
Сяргей Скрабец, архіўнае фота

Да Сяргея Скрабца, былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў і былога палітвязьня, сёньня зьявіліся судовыя выканаўцы.

Скрабец, які апошнім часам жыве разам з бацькамі, кажа Свабодзе, што гэта ўжо пятая канфіскацыя маёмасьці:

«Я зафіксаваў цікавую карціну. Судовыя чыноўнікі прыйшлі неўзабаве пасьля таго, як я публічна абвясьціў пра свой удзел у сёлетніх выбарах у Палату прадстаўнікоў. Папярэдні раз яны прыходзілі летась, калі я ўдзельнічаў у выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі Віктара Цярэшчанкі. А перад гэтым былі ў 2013 годзе, адразу пасьля таго, як я выступіў у Ерэване на паседжаньні Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу з рэзкай крытыкай уладаў Беларусі».

Пасьля арышту Сяргея Скрабца ў 2005 годзе праваахоўныя органы апісалі маёмасьць — яго, ягонага брата Аляксандра і ягоных бацькоў. Але тады з кватэры забралі толькі кампутар. У 2008 годзе ў Скрабцоў канфіскавалі мэблю, лядоўню, тэлевізар, сантэхніку.

«Пяць год таму мае бацькі на свае пэнсіі (ім абаім цяпер ужо пад 75) купілі тэлевізар „Самсунг“, — кажа Сяргей Скрабец, — бо маці любіць глядзець розныя сэрыялы. Раней выканаўцы чамусьці не зьвярталі на тэлевізар увагі, а сёньня апісалі яго на канфіскацыю. Нам далі 10 дзён на абскарджваньне. Але, мабыць, гэтым правам мы ня будзем карыстацца. Я прыкінуў, што судовыя выдаткі, нават калі бацькі выйграюць справу, будуць большыя, чым сёньняшні кошт гэтага „Самсунгу“.

Да таго ж у маці ёсьць сумны досьвед: у 2008 годзе Першамайскі раённы суд двойчы прызнаваў канфіскацыю маёмасьці бацькоў незаконнай. Але гарадзкі затым адмяніў гэтыя рашэньні. А маці мусіла яшчэ і судовы падатак сплаціць.

Я сказаў судовым выканаўцам, што хай бы яны лепш канфіскоўвалі новыя „Майбахі“, а не старыя „Самсунгі“. А яны мне адказалі: будзе загад, будзем канфіскоўваць і „Майбахі“.

Я штомесяц выплачваю запазычанасьць „Беларусьбанку“ за крэдыт, які там атрымаў. Але камусьці вельмі не падабаецца, што я зноў пачынаю палітычную кампанію».

Сяргей Скрабец быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня Нацыянальнага сходу Беларусі (2000–2004 гады). Некаторы час узначальваў нефармальную дэпутацкую групу «Рэспубліка». Летам 2004 году разам з дэпутатамі з гэтай групы Ўладзімерам Парфяновічам і Валерам Фраловым правялі галадоўку пратэсту супраць трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі і супраць унясеньня паправак у выбарчае заканадаўства. Дэпутаты таксама патрабавалі вызваліць палітвязьня Міхаіла Марыніча. Скрабец быў адным з арганізатараў акцыі пратэсту, прымеркаванай да 10-годзьдзя прэзыдэнцтва Лукашэнкі.Пасьля затрыманьня ў траўні 2005 году Скрабца зьвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў і ў лютым 2006-га асудзілі на два з паловай гады. Разам з Аляксандрам Казуліным у калёніі «Віцьба-3» трымаў галадоўку. Рашэньнем пракуратуры Сяргея Скрабца амніставалі на год і вызвалілі 15 лістапада 2006 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG