Карэспандэнт Свабоды запытаў у Дзьмітрыя Кісялёва, які знаходзіцца ў Менску, ці зьбіраецца ён задаць пытаньне Ўладзімеру Пуціну пра яго датычнасьць да афшорных скандалаў.
Кіраўнік расейскай прапагандысцкай інфармацыйнай кампаніі «Россия сегодня» Дзьмітры Кісялёў адказаў, што ён давярае свайму прэзыдэнту, а адносна яго (Пуціна. — РС) у «панамскіх» дакумэнтах няма нічога. Таму зьвяртацца з такім пытаньнем да Пуціна ён не зьбіраецца.
Заходнюю журналістыку Кісялёў назваў несумленнай і дадаў, што такіх жа стандартаў прытрымліваецца і Радыё Свабода.
Гендырэктар «России сегодня» Дзьмітры Кісялёў і кіраўнік Мінінфарму Беларусі Лілія Ананіч сёньня адкрылі ў Менску мультымэдыйны прэс-цэнтар «Sputnik Беларусь».