Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым «чырвоныя сьцяжкі» паміж Менскам і Брусэлем


Лукашэнка заявіў, што хоча цалкам нармалізаваць адносіны ЭЗ і Беларусі. Да якой мяжы можа дайсьці пацяпленьне і за якую мяжу яно не пяройдзе?

Цыганкоў: «Важна працягнуць лінію на поўную нармалізацыю адносін і паглыбленьне супрацоўніцтва з ЭЗ у кантэксьце нашых нацыянальных інтарэсаў. Гаворка ідзе пра ўмацаваньне дзяржаўнага сувэрэнітэту і незалежнасьці, бясьпекі і стабільнасьці Беларусі», — заявіў Аляксандар Лукашэнка 5 красавіка на нарадзе па пытаньнях беларуска-эўрапейскіх адносін. Ён дадаў, што апошнім часам назіраецца пазытыўная дынаміка ў разьвіцьці адносін паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю. Ён канстатаваў, што ня хоча выбіраць паміж Захадам і Ўсходам, а хоча разьвіваць адносіны з усімі.

Таксама Лукашэнка канстатаваў, што ў адносінах паміж Беларусьсю і ЭЗ існуе шэраг так званых нявырашаных праблемаў. «Іх, вядома, трэба вырашаць і рухацца наперад», — сказаў ён.

Цяпер адносіны Беларусі і Брусэлю на самым высокім пункце пасьля 19 сьнежня 2010 году, калі адбыўся разгон Плошчы і яны абрынуліся ў санкцыі і ўзаемнае непрыняцьце.

Якія існуюць «чырвоныя сьцяжкі», абмежаваньні на шляху да паляпшэньня беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў?

Першае — цяперашняе кіраўніцтва Беларусі ніколі ня пойдзе на сапраўды дэмакратычныя выбары, праведзеныя ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі. Адпаведна, Захад не прызнае іх дэмакратычнымі. Відавочна, што беларускія ўлады ня будуць разглядаць асновы беларускай палітычнай сыстэмы як прадмет для перамоваў.

Беларускія ўлады ня будуць разглядаць як тэму для збліжэньня і перамоваў асновы беларускай палітычнай сыстэмы.

Па-другое — нават у эканамічным супрацоўніцтве пакуль не праглядаецца радыкальнага прагрэсу, бо ў Беларусі пакуль няма нармальных умоваў для замежных інвэстыцыяў. Нават менш, чым было ў 90-я гады. Беларусь не гатовая супрацоўнічаць з Эўропай нават пры ўмове адсутнасьці палітычных пераменаў — Эўропа супрацоўнічае з Кітаем, хоць там далёка не дэмакратыя. Але ў Беларусі нават эканамічных такіх умоў для супрацоўніцтва няма.

Беларускія ўлады ня будуць разглядаць як тэму для збліжэньня і перамоваў асновы беларускай палітычнай сыстэмы. Ня толькі выбары, а ўвогуле — як улада дзейнічае. Для Эўропы такім абмежавальнікам заўсёды будуць дэмакратыя і правы чалавека. Пакуль гэтага ў Беларусі няма, ня будзе поўнага ўцягваньня Беларусі ў эўрапейскі працэс.

Але на дарозе да гэтых абмежаваньняў існуе даволі вялікі калідор, у межах якога могуць рабіцца розныя крокі. Яны могуць тычыцца пэўных асобных тэмаў, эканамічных рэформаў, далучэньня Беларусі да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, візавай тэмы і гэтак далей.

Дракахруст: Я згодны, што гэты працэс мае абмежаваньні і з аднаго, і з другога бакоў. Але мне здаецца, што сапраўды нейкае поле паляпшэньня існуе. Можа быць вырашанае пытаньне візавае, зьнізяць кошт да таго ўзроўню, як у Расеі і Ўкраіне. Магчымае заключэньне пагадненьня аб памежным руху. Магчымая нармалізацыя стасункаў на вышэйшым узроўні. Паездкі замежных лідэраў у Беларусь і беларускага кіраўніцтва куды-небудзь. Так, як Захад камунікуе з Азэрбайджанам, Казахстанам, Кітаем і г. д.

Што тычыцца эканомікі — і так, і не. Усё спазнаецца ў параўнаньні. Ёсьць у сьвеце месцы, дзе больш спрыяльныя ўмовы для эканамічнай дзейнасьці, але бізнэс ідзе і ў рызыкоўныя зоны. У Беларусі ёсьць свае перавагі, скажам, адносна танная і добра падрыхтаваная працоўная сіла, адсутнасьць збройных канфліктаў на тэрыторыі краіны. І калі будзе адпаведная палітыка эўрапейскага ўраду, то інвэстыцыі ў Беларусь — тут не Ніягара, канечне, абрынецца, але інвэставаньне стане больш сур’ёзным. У Беларусі, дарэчы, такая цікавая сыстэма, што вельмі значная частка эўрапейскіх фірмаў, асабліва нямецкіх, мае маленечкія прадстаўніцтвы. Там 2–3 чалавекі, яны сядзяць, вывучаюць рынак, як тая бомба ў Быкава, чакаюць свайго часу. І гэты час не абавязкова прыйдзе пасьля Лукашэнкі.

Карбалевіч: Сам факт таго, што такая нарада праведзена, кажа пра тое, што гэтая тэма вельмі важная для ўладаў. Лукашэнка хоча атрымаць канкрэтную аддачу ад вялікіх высілкаў МЗС. Маўляў, вы мяне падштурхоўвалі размарозіць адносіны з Захадам — ну дык які вынік? Колькі чаго мы атрымалі ў цьвёрдай валюце? Якія пэрспэктывы?

Лукашэнка зь цяжкасьцю ідзе на нейкія міжнародныя пагадненьні, якія рэальна зьвязваюць яму рукі, абмяжоўваюць яго самастойнасьць.

Я зьвярнуў увагу на рэпліку Лукашэнкі на гэтай нарадзе аб перамоўным працэсе па праектах аб спрашчэньні візавых працэдур і рэадмісіі. «Каб канчаткова вызначыцца па пытаньні аб партнэрстве ў сфэры мабільнасьці з Эўразьвязам, трэба ўдакладніць, якія перавагі атрымае ад гэтага Беларусь. Акрамя таго, мэтазгодна абмеркаваць агульныя падыходы да далейшай лібэралізацыі візавага рэжыму», — лічыць кіраўнік дзяржавы. То бок, як і ў пытаньні з уступленьнем Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, Лукашэнка сумняваецца, ці выгадна краіне спрашчэньне візавага рэжыму з ЭЗ. Сапраўды, уладам гэта ня надта і патрэбна. Гэта выгадна насельніцтву, але не дзяржаве.

Калі казаць пра межы. Беларусь пры Лукашэнку ня пойдзе на інстытуцыянальную інтэграцыю з ЭЗ. То бок — Менск не заключыць пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ, як гэта зрабіла Ўкраіна ці Малдова.

Увогуле Лукашэнка зь цяжкасьцю ідзе на нейкія міжнародныя пагадненьні, якія рэальна зьвязваюць яму рукі, абмяжоўваюць яго самастойнасьць, ствараюць нейкія вонкавы кантроль за ягонай палітыкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG