Сэнсацыйныя выкрыцьці расейскага кіраўніка ад сусьветнага агенцтва Reuters ствараюць вобраз рэжыму Пуціна як лацінаамэрыканскай хунты, мяркуе экспэрт.
У Крамлі ня будуць расьсьледаваць выкладзеныя ў артыкуле агенцтва Reuters зьвесткі пра перадачу бізнэсмэнам Рыгорам Баеўскім нерухомасьці жанчынам, якія маюць дачыненьне да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў назваў гэтую публікацыю часткай «інфармацыйнага ўкіду», пра які ён папярэджваў на днях.
Паводле расьсьледаваньня,пецярбурскі прадпрымальнік Рыгор Баеўскі перадаваў дарагую нерухомасьць чатыром жанчынам: малодшай дачцэ Пуціна Кацярыне Ціханавай, дзьвюм блізкім сваячкам былой гімнасткі Аліны Кабаевай, якую расейскія СМІ называюць «дзяўчынай Пуціна», а таксама студэнтцы Алісе Харчавай, якая ў 2012 годзе зьнялася для календара, выпушчанага ў гонар дня нараджэньня расейскага прэзыдэнта.
У трох выпадках гаворка ідзе пра прэстыжныя абʼекты нерухомасьці, якія Баеўскі прадаў або перадаў ва ўласнасьць, а ў выпадку з дачкой Пуціна — яна зарэгістравала новую кампанію па адрасе ранейшай кватэры Баеўскага, які паказала як свой уласны.
У 2013 годзе Баеўскі перадаў права ўласнасьці на дом і ўчастак у падмаскоўным населеным пункце Ўсьпенскае бабулі Аліны Кабаевай — 81-гадовай Ганьне Зацэпінай, у 2009-м — кватэру сястры Аліны Кабаевай — Ляйсан Кабаевай. Затым перавёў на імя Алісы Харчавай кватэру ў невялікім маскоўскім катэджным комплексе. Пра цану ўгоды інфармацыі няма.
Рыгор Баеўскі працуе памочнікам старога сябра Пуціна — прадпрымальніка Аркадзя Ратэнбэрга. Паводле афіцыйных зьвестак, толькі за апошнія 2 гады кампаніі, саўладальнікам якіх зьяўляецца Баеўскі, зарабілі на дзяржаўных будаўнічых падрадах ня менш за шэсьць мільярдаў расейскіх рублёў (89 мільёнаў даляраў).
У артыкуле прыводзіцца адказ прэс-сакратара Пуціна Дзьмітрыя Пяскова на запыт Reuters пра Баеўскага: «Мы нічога ня ведаем пра тое, хто гэта такі. Прэзыдэнт таксама зь ім не знаёмы».
28 сакавіка Пяскоў заявіў, што рыхтуюцца «інфармацыйныя ўкіды», якія тычыцца асабіста прэзыдэнта, яго сямʼі і сяброў.
Расейскі палітоляг Аляксандар Марозаў падкрэсьлівае значэньне таго, што расьсьледаваньне апублікавала Reuters — вялікае міжнароднае агенцтва, публікацыі якога прыкметныя па ўсім сьвеце:
— Што адбываецца? На працягу апошняга году Ўладзімеру Пуціну робяць новую біяграфію, як той казаў. Калі да гэтага ён быў нейкім партнэрам для ўсіх заходніх лідэраў, то ў апошні год выразна разьвіваецца такая доўгайгральная, доўгая тэма, што ён такі «хросны бацька мафіі».
Ён альбо нешта накшталт Бэрлюсконі — гэта мяккі сцэнар, альбо нешта яшчэ горшае і больш цяжкае, больш цяжкі крымінальны кароль, чым Бэрлюсконі. І цяперашнія выкрыцьці, на мой погляд, накіраваныя на фармаваньне такога Пуціна. Гэта для яго не сьмяротна, вядома, — увогуле, падобныя паведамленьні Крэмль заўсёды ўмеў паварочваць на сваю карысьць. Пуцін мае рэпутацыю брутальнага мужчыны, яго любяць жанчыны, і гэтыя зьвесткі пра тое, што перададзена нерухомасьць ня толькі дачцэ, але і дзьвюм жанчынам, зь якімі ён, магчыма, быў зьвязаны ў апошнія гады, будзе працаваць у Расеі на яго. А ва ўсясьветным кантэксьце яго рэпутацыя, яго імідж будзе, вядома, няўхільна пагаршацца з-за такіх паведамленьняў.
Гэта не кампанія ў тым сэнсе, у якім разумее гэта Крэмль. Не наступства змовы ўрадаў ці мэдыяў. Проста да Крыма, да трэцяга тэрміну Пуціна значная частка ўсясьветных экспэртаў, міжнародных журналістаў, палітычны істэблішмэнт лічылі, што Расея — гэта краіна, у якой шклянка дэмакратыі напалову парожняя, напалову поўная, гэта пераходны рэжым, у яго ёсьць недахопы, але зь ім трэба працаваць, і гэтак далей. Але пасьля Крыму для гэтага ж усясьветнага істэблішмэнту пытаньне, хто такі Пуцін, паўстала зноўку, і яны цяпер адказваюць для сябе на гэтае пытаньне нанова. Таму ўсе сталі ўважліва прыглядацца, а што ў Пуціна з асабістымі фінансамі, а што ў яго са сьветапоглядам, чаму стаў магчымы Крым, а як мы разумелі яго раней і як разумеем цяпер.
Усё гэта разам утварае новую лінію, і вымалёўваецца досыць кансалідаваная карціна, што Пуцін — гэта ўсё ж такі мафіёзны, безыдэйны, досыць небясьпечны палітычны гулец, мэтай якога ёсьць умацаваньне і ўзбагачэньне ўласнай камарыльлі, набліжанай да яго вярхушкі. Гэтая схема вымалёўваецца выразна і робіцца дамінуючай.
Тут няма пакуль нічога сьмяротнага або такога, што рэзка абвастрае сытуацыю для Пуціна. Але пры ўсім пры гэтым, калі глядзець усё ж такі не вачыма расейскага спажыўца, а вачыма ўсясьветнага гледача ўсёй гэтай расейскай драмы, то трэба сказаць, усё гэта павольна точыць камень і вобраз Пуціна пагаршаецца: гэта ён зьбіў «Боінг», гэта ён анэксаваў Крым і вельмі дрэнна сябе паводзіць ва ўмовах менскага ўрэгуляваньня, і гэта ў яго ценявыя апэрацыі і дзіўныя сябры, пра якіх ужо шмат напісана, якія ня толькі зьвязаныя з крыміналам, але і пастаянна зьяўляюцца пераможцамі дзяржаўных тэндэраў, забіраюць гіганцкія дзяржзамовы. Палітычная сыстэма Пуціна, такім чынам, усё больш і больш нагадвае такую лацінаамэрыканскую хунту 70-х гадоў.
Цалкам матэрыял можна пачытаць на сайце расейскай службы Радыё Свабода.