Аляксандар Лукашэнка не ў захапленьні ад актывізацыі НАТО ва Ўсходняй Эўропе, аднак ня хоча дэманізаваць гэты працэс.
Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з намесьнікам памочніка міністра абароны ЗША Майклам Карпэнтэрам.
Лукашэнка падкрэсьліў, што Беларусь ня можа не рэагаваць на дзеяньні НАТО, таму што гэта адбываецца непасрэдна на беларускіх межах. Але ён таксама ня схільны думаць, што НАТО зьбіраецца ваяваць з Расеяй ці Беларусьсю, паведамляе БелТА.
«У цяперашніх умовах гэта неверагодна і нікому ня трэба», — сказаў Лукашэнка. Больш за тое, ён перакананы, што ні Амэрыцы, ні Эўропе не патрэбны яшчэ адзін канфлікт ва Ўсходняй Эўропе.
«Веру ў тое, і гэта дэкляруюць палітыкі ЗША, што Амэрыка абсалютна хоча мірнай і незалежнай Беларусі», — падкрэсьліў Лукашэнка. Ён мяркуе, што ў Злучаных Штатах Амэрыкі зацікаўленыя ў міры і спакоі ў Эўропе.
Лукашэнка таксама запэўніў, што Беларусь гатовая супрацоўнічаць з ЗША і абмяркоўваць з заходнімі партнэрамі любыя праблемы.
«Ня толькі таму, што гэта глябальная імпэрыя, вядучая дзяржава сьвету, зь якой супрацоўнічаюць усе», — сказаў Лукашэнка.
Ён падкрэсьліў, што ў беларускім грамадзтве склалася добрае, паважлівае стаўленьне да Амэрыкі. Гэтаму не перашкодзілі і санкцыі супраць Беларусі, якія дзейнічалі ў мінулым. «Наш народ добры, адукаваны і разьбіраецца ў тых працэсах, якія адбываюцца ў сьвеце», — сказаў Лукашэнка.