Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія студэнты спраектавалі, як ушанаваць памяць караля Аўгуста Панятоўскага


Сядзіба Станіславова і рэшткі прысады. Гэтым дрэвам па 268 гадоў
Сядзіба Станіславова і рэшткі прысады. Гэтым дрэвам па 268 гадоў

Студэнты Гарадзенскага Аграрнага ўнівэрсытэта разам са сваім выкладчыкам распрацавалі праект аднаўленьня парку былой каралеўскай сядзібы Станіславова. Іх мэта — максымальна аднавіць парк такім, якім ён быў пры каралі Аўгусьце Панятоўскім.

Сядзіба Станіславова ў ХVIII стагодзьдзі лічылася адной з загарадных рэзыдэнцыяў караля Аўгуста Панятоўскага ў Горадні. Цяпер гэта амаль цэнтар гораду.

Герб караля Аўгуста Панятоўскага на тыльным будынку сядзібы Станіславова
Герб караля Аўгуста Панятоўскага на тыльным будынку сядзібы Станіславова

У захаваным і неаднойчы перабудаваным будынку месьціцца адна з катэдраў Аграрнага ўнівэрсытэту. Перад самім будынкам — помнік Ціміразеву, усталяваны за савецкім часам па заведзенай звычцы, нягледзячы на тое, што савецкі навукоўца ня меў ніякага дачыненьня ні да Станіславова, ні да Горадні. А што датычыць парка, які ўзгадваецца ў нешматлікіх апісаньнях, то ад яго практычна нічога не засталося, акрамя нованасаджаных дрэваў, якія з каралеўскім часам ня маюць нічога агульнага.

Па так званым парку гуляем з Ірынай Кацко, адной з аўтараў праекту яго аднаўленьня. Яна распавядае, што ў працы над праектам бралі ўдзел яе аднакурсьнік Павал Трубчык і выкладчык Павал Шэшка, які чытае ў іх дэкаратыўную дэндралёгію і асновы праектаваньня.

Ірына Кацко, адна з распрацоўніц праекту аднаўленьня парку ў Станіславова
Ірына Кацко, адна з распрацоўніц праекту аднаўленьня парку ў Станіславова

«Ведаеце, мне гэты корпус і парк вельмі запалі ў душу, калі мы тут вучыліся. Я ведала, хто такі Аўгуст Панятоўскі са школы, ня раз уяўляла, як ён прыяжджаў сюды, адпачываў, гуляў і напэўна вырашаў дзяржаўныя справы. Вельмі карцела нешта зрабіць тут у ягоную памяць, а да ўсяго яшчэ ляндшафтны дызайн вельмі вабіць. А тут усё так і просіцца, каб вярнуць час назад».

Карэспандэнт: «Але цяпер тут практычна няма ніякага парку, толькі насаджаныя дрэвы, якія ня маюць ніякага дачыненьня да часоў Панятоўскага...»

Так цяпер выглядае парк былой сядзібы Станіславова
Так цяпер выглядае парк былой сядзібы Станіславова

Кацко: «Так, сапраўды, з каралеўскім паркам гэта ня мае нічога агульнага. Дрэвы ў жахлівым стане, з дупламі, яны хутка адамруць. І ўсё гэта на месцы былога Ангельскага парку. У самым парку дрэваў, якія памятаюць Панятоўскага, няма — ім па 70-80 гадоў, але вось ліпавая прысада перад сядзібай — тыя дрэвы яшчэ памятаюць караля. Мы падлічылі ўзрост некаторых зь іх, і атрымалася, што ёсьць такія, якім па 268 гадоў.

Карэспандэнт: «А ў вас ёсьць цэласнае ўяўленьне, якім быў гэты парк?»

Корсак: «Мы, калі працавалі над праектам, узьнялі ўсе магчымыя зьвесткі, зьвязаныя з паркам, і выявілася, што іх няшмат. Тым ня менш якую-кольвек інфармацыю здабыць удалося і ўявіць, як ён выглядаў, таксама можна. Па памерах гэта невялікі парк, цяпер ён складае 5.2 гэктара, а ў часы Панятоўскага плошча сягала ня болей за 7 гектараў. Тут як бы найбольш нашкодзіла парку забудова сучасных дамоў, паколькі яны папросту ўрэзаліся ў яго і непапраўна нашкодзілі ляндшафту.

Праект аднаўленьня парку былой каралеўскай сядзібы Станіславова ў Горадні
Праект аднаўленьня парку былой каралеўскай сядзібы Станіславова ў Горадні

Карэспандэнт: «Што мае на ўвазе ваш праект, як вы хочаце аднавіць тое, чаго ўжо даўно няма?»

Кацко: «Канешне, найперш хацелася б вярнуць ягоную аўтэнтычнасьць, хаця б сплянаваць усё, як было пры каралі Панятоўскім. Мы паспрабавалі аднавіць прысады ў такім самым парадку, якімі яны былі ў той час. Мы нават шукалі дрэвы, якія тут расьлі, і ўвесь свой праект набліжалі максымальна да аўтэнтычнага — ліпы, вязы... І ўсе гэтыя дрэвы пасадзіць як сонечныя промні, якія адыходзяць ад галоўнага месца. А на галоўнай прысадзе, выкладзенай брукам, вырашылі паставіць помнік апошняму каралю Рэчы Паспалітай, каб людзі хаця б ведалі, чыя тут сядзіба і каму належаў парк. А яшчэ ў канцы галоўнай прысады — клюмба з кветак ў выглядзе герба Аўгуста Панятоўскага. Ні помніка Панятоўскаму, ні клюмбы тут ніколі не было, мы дадалі іх самі, бо час уносіць свае карэктывы. Але пры ўсіх нашых дадатках нам вельмі хацелася, каб парк выглядаў безь якой-кольвек пампэзнасьці, паколькі такім ніколі ня быў. Галоўнае, чаго мы дамагаліся, — захаваць глыбіню і таямнічасьць гэтага месца.

Карэспандэнт: «Ірына, вы думаеце, ваш праект — гэта рэальна ў сёньняшніх умовах, ці гэта так, на будучыню?»

Кацко: «Галоўнае — патрэбныя грошы. Паводле нашых падлікаў, па сёньняшніх коштах на рэалізацыю праекту трэба каля 20 мільярдаў рублёў. Грошы, канешне, немалыя, але гэта вельмі рэальны праект, калі б горад за гэта ўзяўся. Пакуль мы папросту ня ведаем, як гэта ажыцьцявіць.

Так цяпер выглядае парк былой сядзібы Станіславова
Так цяпер выглядае парк былой сядзібы Станіславова

Карэспандэнт: «А вы ўжо выстаўлялі свой праект на паказ?»

Кацко: "Нядаўна мы выстаўлялі праект на ІХ гарадзенскім Інвэст-Уікэндзе. Праўда, там ён ня выклікаў вялікай зацікаўленасьці, і нам параілі ўдзельнічаць у праграмах трансмежнага супрацоўніцтва. Будзем прасоўваць свой праект, наколькі гэта магчыма, рана ці позна гэтым абавязкова зацікавяцца.

Паводле архіўных зьвестак, сядзіба Станіславова была пабудаваная ў другой палове XVIII стагодзьдзя па праекце італьянскага архітэктара Джузэпэ Сака. Рэгулярна-прамянёвае плянаваньне парку з галоўнай восевай дамінантай — лiпавай прысадай — дапаўняла архітэктурную кампазыцыю комплексу позьняга барока. У другой палове ХІХ стагодзьдзя рэгулярны парк быў ператвораны ў пэйзажны, са зьменай трасіроўкі дарожна-сьцежкавай сеткі і максымальным захаваньнем існага асартымэнту дрэваў і хмызьнякоў, якіх было 80 відаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG