Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія таксісты пратэстуюць супраць пераабсталяваньня таксомэтраў


Гарадзенскія таксісты на плошчы Леніна ў Горадні
Гарадзенскія таксісты на плошчы Леніна ў Горадні

Новы чып у таксомэтры дазволіць падатковай інспэкцыі адсочваць у рэжыме анлайн усе перамяшчэньні таксі.

У Горадні таксісты працягваюць збор подпісаў супраць увядзеньня новага кантрольнага чыпа на таксомэтры таксі. Збор подпісаў адбываецца на плошчы Леніна па панядзелках, на тым самым месцы, дзе дагэтуль зьбіраліся дробныя гандляры і пратэставалі супраць увядзеньня ўказу № 222.

А 11-й гадзіне на плошчы Леніна некалькі таксістаў з рацыяй. Яны зьвязваюцца са сваімі калегамі і паведамляюць, што на плошчы Леніна працягваецца збор подпісаў супраць увядзеньня кантрольнага чыпа на таксомэтры таксі. У адказ гучыць: «Пад’еду», «На працягу паўгадзіны буду», «Мы накіравалі свайго прадстаўніка, ён вязе адразу некалькі подпісаў».

Насамрэч, празь некаторы час пачынаюць пад’яжджаць людзі і падаваць сабраныя подпісы тым, хто іх зьбірае на плошчы. Сярод арганізатараў Сяргей Верамеенка, таксіст з досьведам, актыўны сябра БХД, мае пэўны досьвед падобнае працы. Верамеенка кажа, што на працягу працоўнага дня таксісту складана бывае патрапіць на плошчу, але амаль у кожнай фірмы ёсьць актывісты, якія зьбіраюць подпісы самі і прывозяць іх на плошчу.

— У мяне цяпер з сабой ужо больш за дзьвесьце подпісаў. Вось бачыце, тут аддаюць хто па дзесяць, хто па некалькі подпісаў. Канешне, гэта павінна было б выглядаць інакш, каб уся плошча была застаўленая машынамі, але людзі многія баяцца. Баяцца страціць нават тое, што маюць.

Тэкст звароту да ўладаў, пад якім ставяць подпісы таксісты
Тэкст звароту да ўладаў, пад якім ставяць подпісы таксісты

Вось каля дзясятка подпісаў Верамеенку перадаў спадар Віктар. Ён кажа, што ягоныя калегі пераважна ўсе паставяць свае подпісы, бо ніхто цяпер ня можа раскашэліцца і ставіць за свае грошы новы кантрольны чып на таксомэтры.

— Мяне дэлегавалі мае калегі, я прынёс 8 подпісаў. Хачу сказаць, што наша прафэсія ўжо не прыносіць ніякага прыбытку, мы папросту выжываем. А яшчэ праз пару гадоў, калі машына больш зносіцца, то мы ня зможам нават і выжываць і тым больш карміць сям’ю. У мінулым месяцы я зарабіў 12 мільёнаў і восем з паловай у мяне вылічылі на рознага кшталту падаткі і адлічэньні. На тры з паловай мільёны мне трэба карміць сям’ю, а жонка працы ня мае. Трэба заправіць машыну і хоць нешта адарваць ад гэтай сумы на яе абслугоўваньне. А дадайце сюды яшчэ выплату за крэдыт на кватэру, падаражаньне камунальных паслугаў.... Ну як быць у такой сытуацыі? Я і зьбіраю гэтыя подпісы, каб улады пачулі нас.

Спадар Мікалай прыйшоў сам на плошчу паставіць свой подпіс. Кажа, што ён індывідуальны прадпрымальнік, адпрацаваў таксістам некалькі гадоў, але цяпер у стадыі закрыцьця прадпрымальніцкай дзейнасьці.

— Я ліквідую сваю дзейнасьць, паколькі не спраўляюся з выплатамі на падаткі і іншае, а тут яшчэ дадалі новыя расходы. Людзі на сайтах зло пішуць, што каб наша дзейнасьць была стратнай, то яны б не працавалі. Я хачу ім патлумачыць, што цяпер большасьць таксістаў са сваіх даходаў могуць пакуль яшчэ аплаціць падаткі і рознага кшталту выплаты, але нават на лёгкае абслугоўваньне машыны грошай ужо не стае. А калі кіроўца сутыкаецца зь неабходным рамонтам машыны, калі адразу трэба выкінуць 300-400 даляраў, гэта становіцца не пад сілу, вось дзейнасьць і спыняецца.

А вось спадар Станіслаў прынёс таксама ліст, запоўнены подпісамі сваіх калегаў.

— Ведаеце, сытуацыя зусім цёмная, нам зусім няма куды дзявацца, ня можам мы ўжо працаваць з такімі выплатамі, нам трэба спыняць працу. Усе нашы хлопцы так кажуць. Я асабіста часта падпрацоўваю на іншых працах, бо калі машына папсуецца, то рэальна няма грошай на яе рамонт. Так, як нас, не абкладваюць таксістаў ні ў адной з суседніх краінаў. Яны павінны падумаць пра нас, бо калі ня стане і таксістаў, то яшчэ меней падаткаў у бюджэт стануць атрымліваць.

Спадар Аляксей, яшчэ малады чалавек, кажа, што ня так даўно адслужыў у войску, мае сям’ю, малое дзіця.

— Атрымліваецца, калі нам паставіць гэтыя новыя чыпы, то месяц ня будзе грошай на тое, каб нават хлеб купляць. А за што тады жыць, у мяне малое дзіця, як яго тады карміць і што яму сказаць, што я замяніў таксомэтар? Дзяржава нас не разумее і ня хоча разумець, ёй здаецца, што мы зарабляем поўныя кішэні грошай, але ж гэта ня так. У нас усе мае калегі ставяць подпісы. Трэба даць зразумець людзям на версе, які рэальна заробак мы маем і як жывём. Няхай сядуць на наша месца і паспрабуюць.

Устаноўка сродкаў кантролю падатковых органаў у аўтамабілях-таксі прадугледжаная сумеснай пастановай Савета міністраў і Нацыянальнага банка. Яна тычыцца індывідуальных прадпрымальнікаў і арганізацыяў, якія ажыцьцяўляюць пасажырскія перавозкі таксі.

Мяркуецца, што кантралюючыя органы змогуць адсочваць у рэжыме анлайн ўсе перамяшчэньні аўтамабіля-таксі, а тым самым кантраляваць і выручку таксістаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG