У Вашынгтоне супрацоўнікі службаў бясьпекі заблякавалі пад’езды да Капітолія, дзе засядае Кангрэс ЗША, у той час як інфармагенцтвы перадалі паведамленьні аб страляніне ў цэнтры для турыстаў, прылеглым да комплексу.
Паводле інфармацыі Associated Press, у турыстычным цэнтры затрымалі мужчыну, які распачаў страляніну. Ён паранены і знаходзіцца ў шпіталі. Был лёгка параненая жанчына, якая знаходзілася недалёк ад месца страляніны. Памяшканьне, дзе гэта адбылося, прызначана для праверкі жадаючых трапіць на экскурсію ў амэрыканскі парлямэнт.
Пасяджэння ў парлямэнце не было, таму ў сярэдзіне, па папярэдніх дадзеных, магла знаходзіцца толькі невялікая колькасьць кангрэсмэнаў. Паведамляецца таксама, што Белы дом, разьмешчаны ў некалькіх кварталах ад Капітолія, таксама ачэплены паліцыяй. У рэзыдэнцыі прэзыдэнта ЗША прымалі сотні дзяцей і іх бацькоў — з нагоды Вялікадня.
Для таго, каб патрапіць у Капітолій і любыя офісныя будынкі Сэнату ці Белага дома, наведвальнікі павінны прайсьці праз мэталяшукальнік.
Праз гадзіну пасьля першых паведамленьняў аб стрэлах, дэпартамэнт паліцыі Вашынгтона разьмясьціў у Твітэры запіс аб тым, што ў Капітоліі адбыўся «адзінкавы інцыдэнт», і пагрозы для грамадскасьці няма. Пазьней на прэс-канфэрэнцыі прадстаўнік паліцыі заявіў, што гэта адзінкавы інцыдэнт, што асоба нападніка вядома паліцыі і вядзецца расьсьледаваньне.