Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шумчанка сьвяткуе малую перамогу: суд падтрымаў пазыцыю прадпрымальнікаў


Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

Вярхоўны суд скасаваў штраф і адмяніў арышт тавару прадпрымальніцы Тацяне Паляковай, не падтрымаўшы аргумэнтаў Міністэрства па падатках і зборах.

Пастанова Вярхоўнага суду сёньня апублікаваная на сайце грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва».

Кіраўнік «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка лічыць гэтае судовае рашэньне малой перамогай і важным прэцэдэнтам.

«Гэтае рашэньне шмат што зьмяняе, — сказаў ён у інтэрвію Свабодзе. — У нас адна з асноўных праблемаў па ўказе № 222 — гэта тое, што беларускія прадпрымальнікі бралі тавар у Расеі з суправаджальнымі дакумэнтамі, але наша Міністэрства па падатках і зборах гэтыя дакумэнты ставіла пад сумнеў, лічыла расейскія фірмы падстаўнымі і на падставе сваіх сумневаў канфіскоўвала тавар. Напрыклад, так было ў выпадку полацкіх прадпрымальнікаў, так было ў Паляковай у Менску. Таму людзі былі ў страху — яны баяліся, што пачнуцца канфіскацыі. І вось мы дамагліся таго, што Вярхоўны суд цалкам разьбіў пазыцыю Міністэрства па падатках і зборах. Суд пастанавіў, што калі ў рэестры Расейскай Фэдэрацыі гэтая фірма ёсьць, то, значыць, яна законная. Фактычна сёньня ўсе прадпрымальнікі могуць уздыхнуць свабодна».

Шумчанка падкрэсьлівае, што гаворка ідзе не пра сэртыфікаты, а толькі пра суправаджальныя дакумэнты. Праблема ж з сэртыфікатамі застаецца. «Сэртыфікаты — гэта наступная праблема, якую трэба вырашыць бліжэйшым часам», — дадаў ён.

Шумчанка зьвяртае ўвагу, што менавіта «Пэрспэктыва» настойвала на тым, каб дамагацца справядлівасьці па справе Тацяны Паляковай у судзе. Цяпер жа рашэньне Вярхоўнага суду — гэта важны прэцэдэнт.

Прычым рашэньне па гэтай справе было прынята 14 сакавіка — у дзень акцыі прадпрымальнікаў ля будынку Міністэрства па падатках і зборах. «Я ў супадзеньні ня веру. Гэта ўсё вынік барацьбы», — падкрэсьліў Шумчанка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG