Сёньня ў Менску сьвяткуюць Дзень Волі — 98-я ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Свабода папрасіла заяўніка менскай дэманстрацыі, санкцыянаванай уладамі, намесьніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва распавесьці пра плян правядзеньня акцыі.
Куды ісьці?
«Мы запрашаем усіх людзей у дазволенае Менгарвыканкамам месца — на пляцоўку каля кінатэатра «Кастрычнік». Збор з 18.00 да 18.30.
Што будзе каля помніка Янку Купалу?
«Ёсьць інфармацыя пра збор каля помніка Янку Купалу а 17.00. Гэта ініцыятыва Міколы Статкевіча, які заклікаў ускласьці там кветкі. Гарадзкія ўлады гэты пункт збору не дазвалялі. Таму я як афіцыйны арганізатар не магу заклікаць ісьці да помніка і сам прыйду а 18.00 у дазволены пункт збору».
Зноў Бангалор?
«У заяўцы мы прасілі, каб улады дазволілі шэсьце да помніка Янку Купалу, але Менгарвыканкам такі маршрут не дазволіў і ў каторы раз прапанаваў правесьці шэсьце да плошчы Бангалор. У сяброў Аргкамітэту ёсьць розныя меркаваньні адносна таго, ці ісьці да плошчы Бангалор. Пасьля абмеркаваньня мы вырашылі, што будзем арганізоўваць шэсьце, але на саму плошчу Бангалор ня пойдзем, спынімся і разыдземся на падыходзе да яе».
Якія лёзунгі?
«Найперш мы хочам данесьці ўдзельнікам акцыі і ўсім, хто пра яе даведаецца, што для Беларусі ўзьніклі новыя пагрозы страты незалежнасьці, як тое было і 20 год таму. Зразумела, што надпісы на плякатах будуць адлюстроўваць і тое, што сёньня мы сьвяткуем 98-годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі».
Што браць?
«Акцыя дазволеная, таму можна браць усё, што мы звычайна бяром на мітынгі і шэсьці. Надпісы на плякатах і транспарантах будуць адпавядаць асноўнай тэме — гэта эканамічная і палітычная незалежнасьць Беларусі, пагроза з боку Расеі, неабходнасьць выхаду Беларусі з саюзаў на постсавецкай прасторы. Таксама бяром сьцягі — бел-чырвона-белыя з сымбалямі сваіх партыяў і арганізацыяў. Можна несьці бел-чырвона-белыя парасоны і балёнікі. Дарэчы, будуць і кветкі. Увогуле любая прыдумка ўдзельнікаў, якая не супярэчыць беларускаму заканадаўству, будзе вітацца».
Каму лепш ня ісьці?
«Галоўнае, каб не прыйшлі людзі, якія будуць агітаваць за вайну і распальваць нянавісьць. Не хацелася б бачыць на акцыі людзей, якія адкрыта дэманструюць сваю сэксуальную арыентацыю. Наконт палітычнай арыентацыі, то мы ня будзем рады бачыць тых, хто агітуе за „рускі мір“. Мы будзем рабіць усё, каб такія людзі ня ўдзельнічалі ў акцыі».