У Ваўкавыску міністар Вашчыкоўскі наведаў школу з польскай мовай навучаньня. Але перш чым ісьці ў школу, папрасіў правесьці яго па горадзе. Выйшлі на цэнтральную плошчу да помніка ваўку, што на гарадзкім гербе.
Мясцовы гісторык распавядаў міністру пра гісторыю гораду. Па дарозе нейкі малады чалавек вітаў міністра польскім сьцяжком. Спадар Вашчыкоўскі ўсьміхнуўся і памахаў яму рукой у адказ.
На сустрэчу зь міністрам запрасілі толькі настаўнікаў ды некаторых бацькоў, якіх на ўваходзе спраўджвалі паводле сьпісу. Навучэнцы віталі міністра Вашчыкоўскага хлебам і сольлю, прычым як па-польску, так і па-беларуску. Міністар агледзеў школу. Адбыўся невялікі канцэрт школьнай самадзейнасьці.
Пасьля гэтага міністар падзякаваў за гасьціннасьць, пахваліў вучняў за цудоўны канцэрт і абяцаў, што гэта не апошняя ягоная сустрэча ў Ваўкавыску. На разьвітаньне падараваў школе вялікі тэлевізар. Ад гарадзкіх уладаў атрымаў у падарунак драўлянага зубра — як сымбаль Белавескай пушчы.