Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барак Абама паабяцаў зьняць гандлёвае эмбарга ў дачыненьні да Кубы


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама і прэзыдэнт Кубы Рауль Кастра падчас іх першай сустрэчы на другі дзень візыту Абамы на Кубу, у Гаване, 21 сакавіка 2016 году
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама і прэзыдэнт Кубы Рауль Кастра падчас іх першай сустрэчы на другі дзень візыту Абамы на Кубу, у Гаване, 21 сакавіка 2016 году

Падчас свайго гістарычнага візыту на Кубу прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што амэрыканскія заканадаўцы з большай гатоўнасьцю падтрымаюць зьняцьце эмбарга, калі ўбачаць прагрэс у рамках новай палітыкі Кубы.

Паводле яго слоў, тэмпы нармалізацыі будуць таксама залежаць ад таго, наколькі Куба прасунецца ў вырашэньні пытаньняў, якія тычацца правоў чалавека, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Эмбарга будзе адмененае, — выказаў меркаваньне Абама, калі выходзіў да прэсы разам з Кастра. — Калі? Не магу сказаць дакладна, але яно будзе адмененае».

У сваім выступе перад журналістамі кубінскі лідэр Рауль Кастра вітаў паслабленьне гандлёвых і транспартных абмежаваньняў, абвешчанае Вашынгтонам, а таксама падкрэсьліў неабходнасьць адмены 55-гадовага гандлёвага эмбарга супраць Кубы. Кастра таксама заклікаў ЗША вярнуць землі, якія выкарыстоўваюцца пад ваенна-марскую базу ЗША ў заліве Гуантанама. Але калі журналісты яму задалі пытаньне аб палітычных зьняволеных, рэакцыяй Кастра было абурэньне. Ён запатрабаваў, каб яму паказалі сьпіс такіх зьняволеных. Афіцыйная пазыцыя Гаваны складаецца ў тым, што такіх зьняволеных у краіне няма.

«Дайце мне сьпіс гэтых палітычных зьняволеных прама зараз, і калі такі сьпіс ёсьць, яны будуць вызваленыя яшчэ да наступленьня ночы», — сказаў Кастра.

Камэнтуючы гэтую заяву, выканаўчы дырэктар вашынгтонскага Мэмарыяльнага фонду ахвяраў камунізму Марыён Сміт сказаў: «У нас ёсьць такі сьпіс, старшыня Кастра».

На мінулым тыдні, напярэдадні візыту Абамы ў Гавану, арганізацыя перадала сьпіс дысыдэнтаў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні, вядучым тэлекампаніям і журналістам. Сьпіс быў азагалоўлены «Забыты 51 чалавек».

У аўторак Абама выступіць са зваротам да кубінскага народу. Па словах намесьніка дарадцы прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Бэна Роўдса, у звароце ён «выкладзе сваё бачаньне таго, як ЗША і кубінскі бок могуць працаваць разам, і як кубінскі народ можа дамагацца лепшага жыцьця».

Прэзыдэнт таксама плянуе сустрэцца з прадстаўнікамі кубінскай грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку праваабаронцамі, нягледзячы на пярэчаньні уладаў у Гаване.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG