Лявон Вольскі – народны паэт. Я ня ведаю як, кім і паводле якога крытэру вызначалася «народнасьць» паэтаў у партыйныя часы. А цяпер усё вельмі проста: калі твае песьні забараняе дзяржава, але сьпяваюць юнакі ў пераходах, ты – народны.
У 1997 годзе дзяржава забараніла выхад кнігі Васіля Быкава «Сьцяна» ва ўласным – дзяржаўным – выдавецтве. Газэта «Наша Ніва» зьвярнулася да чытачоў з прапановай дасылаць грошы на выданьне, і кніга народнага пісьменьніка выйшла на народныя грошы. Праект так і называўся – Народная кніга.
Я нядаўна вушам не паверыў, калі ў пераходзе каля Камвольнага камбінату пачуў, як два юнакі граюць «NRM». Для неменчукоў патлумачу, што Камвольны – сярэдняй аддаленасьці «няцэнтар». Стары фабрычны раён, далёкі ад якіх заўгодна сучасных трэндаў. А ў цэнтры Менску ў пераходах чую песьні аўтарства Вольскага рэгулярна.
Фанатаў і аматараў творчасьці Лявона за больш як трыццаць гадоў на сцэне – не адзін дзясятак тысяч. Не зьдзіўлюся, калі не адна сотня тысяч з улікам тых, хто ўжо пасталеў і на шумныя мерапрыемствы ня ходзіць. Але гэта ня значыць, што яны разьлюбілі творчасьць Лявона Вольскага.
Лявон Вольскі агучыў ідэю супольна сабраць сродкі на выданьне новага альбому. «Вось так здараецца – раней неяк знаходзіліся – а цяпер – ну, ніяк», – піша на сваім сайце музыка.
«Ніяк» у сучасных умовах для мяне выглядае так. Якому-кольвек лэйблу няма сэнсу ўкладацца, бо ні продажам дыскаў, ні праз канцэрты, ні пракруткай на ФМ і ТВ грошы ня вернуцца. Бо Вольскаму папросту не дазволяць выступаць, прадаўцам – прадаваць, а тэле- радыё – круціць песьні. З тае ж прычыны атрымліваецца «ніяк» з боку спонсараў-рэклямадаўцаў – «альбо бізнэс, альбо Вольскі».
Пры тым, што на канцэрты выканаўцы, напрыклад, у Вільню едуць тысячы гледачоў. Візы, дарога, жытло. У самой Беларусі бачу ў разы большую колькасьць патэнцыйнай публікі перад сцэнай.
Лявон Вольскі належыць некалькім генэрацыям з праектамі «Мроя», «NRM», «Zet», «Народны Альбом», «Volski». Пад ягоныя песьні ішлі на барыкады, адрываліся ў клюбах і філязофствавалі на кухнях. Сталелі самі і гадавалі сваіх дзетак.
Для мяне безумоўна, што Вольскі – элітарны творца. Тэксты ягоных песень маюць некалькі ўзроўняў сэнсаў. Яны многім зразумелыя і блізкія: ад забаўнага праставатага прыпеву кшталту «ла-ла-ла-ла» да закадаваных вобразаў-пасланьняў, дзе асабістае перакрыжоўваецца з агульнанацыянальным – «лёгкія, лёгкія нашы далёкія».
Песьні барацьбы, любові, каханьня, гонару, годнасьці, гумару, смутку, развагі і адвагі. Усё разам – пра сучасную Беларусь. Пра нас з вамі.
І, канечне, Лявон Вольскі – масавы творца. Рок-зорка. У якую баяцца ўкладаць грошы і ставіць побач свой лягатып ці імя. А гэта азначае звышэлітарнасьць і звышпапулярнасьць. Звышуплывовасьць. Інакш – не забаранялі б.