Нягледзячы на тое, што Менгарвыканкам не дазволіў шэрагу заяўнікам з-за наяўнасьці парушэньняў заканадаўства аб масавых акцыях быць арганізатарамі мітынгу і шэсьця 25 сакавіка, беларуская дэмакратычная апазыцыя сьвяткуе Дзень Волі разам. Пра гэта было заяўлена на супольнай прэс-канфэрэнцыі лідэраў дэмакратычных сілаў.
Пра гэта паведамляе сайт БХД.
«Менгарвыканкам таксама адмовіў нам у правядзеньні акцыі па заяўленым маршруце ад Акадэміі навук да сквэру Янкі Купалы, дазволіўшы шэсьце толькі ад кінатэатру „Кастрычнік“ да плошчы Бангалёр. Гэта мы расцэньваем як правакацыю. Арганізатары пайшлі насустрач уладам, падаўшы афіцыйную заяўку, хоць мы лічым, што сам прынцып атрыманьня дазволу на масавыя акцыі парушае базавыя прынцыпы правоў чалавека і правы грамадзян Беларусі на мірныя сходы», — адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Мікола Статкевіч заклікаў грамадзян а 17:00 ускладаць кветкі да помніка Янку Купалу, а потым адтуль пешшу рухацца да кінатэатру «Кастрычнік», дзе а 18:00 адбудзецца збор удзельнікаў акцыі і афіцыйна дазволены мітынг, на якім будуць прынятыя рэзалюцыі мітынгу. У тым ліку арганізатары плянуюць патрабаваць ад уладаў, каб 25 сакавіка стала афіцыйным сьвятам у Рэспубліцы Беларусь. Такім чынам, і шэсьце, і мітынг у цэнтры Менску 25 сакавіка адбудуцца.
Анатоль Лябедзька заклікаў усіх удзельнікаў прыходзіць на акцыю зь бел-чырвона-белымі стужкамі, а Вячаслаў Сіўчык распавёў пра сьвяткаваньне Дня Волі ў іншых гарадах, у тым ліку ў Кіеве і Варшаве.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1