Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улада вырашыла адціснуць непатрэбных людзей», — працаўнікі птушкафабрыкі, якая належыць «імпэрыі Баскіна»


Такіх машын нямала выяжджае з фабрыкі.
Такіх машын нямала выяжджае з фабрыкі.

Працаўнікі кампаніі «Сэрвалюкс» уражаныя навіною пра затрыманьне генэральнага дырэктара Яўгена Баскіна. Яны кажуць, што некаму спадабаліся актывы акцыянэрнага таварыства, таму і вырашылі пасадзіць кіраўніка. Тым часам працаўнікі старэйшага пакаленьня згадваюць, што прыватызацыя Баскіным птушкафабрыкі ў вёсцы Мяжысеткі пад Магілёвам была падобная на захоп прадпрыемства. Яго спачатку даводзілі да банкруцтва, кажуць яны, а потым перадалі ў арэнду маладому бізнэсоўцу.

На павароце на птушкафабрыку знак, каму яна належыць.
На павароце на птушкафабрыку знак, каму яна належыць.

Вёска Мяжысеткі за два дзясяткі кілямэтраў ад Магілёва. З шашы відаць карпусы птушкафабрыкі. Да яе асфальтаванай дарогай няпоўныя два кілямэтры. Побач з дарогай дагледжаны пасёлак з трохпавярховых дамоў.

На адміністрацыйным будынку надпіс: «Сэрвалюксагра». Ля самога прадпрыемства мітусьня.

Адміністрацыйны будынак
Адміністрацыйны будынак

Канец працоўнага дня. Хто жыве ў Магілёве сьпяшаюцца на службовыя аўтобусы, якія давязуць да гораду. Пасялкоўцы і жыхары прылеглых вёсак хто на машынах, хто на роварах, ці пешшу дабіраюцца да сваіх хат.

Дарога да прадпрыемства.
Дарога да прадпрыемства.

«Ды ня можа быць, каб такога граматнага мужчыну, кіраўніка ды й затрымалі», — зь недаверам рэагуе на навіну пра затрыманьне Баскіна працаўнік птушкафабрыкі.

«Я з ім блізка не знаёмы, але ж ён усё ж прадпрымальнік, як кажуць. Фабрыка ж працуе. Плян выконвае, — разгублена разважае суразмоўца. — „Сэрвалюкс“ гэта ж такое вялікае прадпрыемства. Колькі ў яго было ўкладзена грошай. Разраслася фабрыка на вачах. Заробкі нам выплачваюць рэгулярна і ў час. Пяць мільёнаў выходзіць, а гэта па цяперашнім часе дужа добра, праўда папрацаваць за іх трэба. А што ж цяпер будзе з фабрыкай?»

Пасёлак, у якім жывуць працаўнікі птушкафыабрыкі.
Пасёлак, у якім жывуць працаўнікі птушкафыабрыкі.

Мужчына не разьвітваючыся ў задуменьні пакрочыў да дому. Наступны суразмоўца малады мужчына працуе на фабрыцы больш за пяць год. Кажа ўсім задаволены. Пра затрыманьне Баскіна прачытаў у інтэрнэце.

«Я не паверыў, бо ў чым сэнс такога затрыманьня? Мне не зразумела гэта і я зьдзіўлены такім паваротам падзеяў. Відаць ён быў доўга ў распрацоўцы органаў. „Сэрвалюкс“ жа кампанія вялікая і ўсё будзе залежыць ад таго як органы справу раздуюць, ці наадварот замажуць», — зазначае працаўнік птушкафабрыкі.

Заробкі на фабрыцы вышэйшыя, чым у Магілёве

«Заробкі на фабрыцы вышэйшыя, чым у Магілёве, — дадае пасьля роздуму суразмоўца. — Як у горадзе чатыры мільёны, дык ужо добра, а тут, у нас ад пяці зарабляюць. Амаль усе хто жыве ў гэтым пасёлку працуюць на фабрыцы. Пасёлак жыве дзякуючы ёй. Раней на фабрыцы працавалі адны мясцовыя, а цяпер дужа шмат прыяжджае з Магілёва. Для іх выдзяляецца транспарт. Магілёўцаў паболела, як „Сэрвалюкс“ выкупіў фабрыку».

«Я даведаўся хвілінаў дваццаць таму пра затрыманьне Баскіна. Шакаваны навіною. Відаць улады вырашылі паціху адціснуць ад справы непатрэбных ім людзей», — выказвае меркаваньне яшчэ адзін працаўнік прадпрыемства.

Навіна пра затрыманьне Баскіна, зазначыў суразмоўца, змусіла яго задумацца пра будучыню прадпрыемства.

Аўтобусамі вязуць магілёўцаў пасьля працы ў горад
Аўтобусамі вязуць магілёўцаў пасьля працы ў горад

«Амаль усё насельніцтва працуе на фабрыцы. Аўтобусы з гораду прывозяць гараджанаў. Што цяпер будзе? Перамены ж не прыносяць нам нічога добрага», — сказаў працаўнік птушкафабрыкі.

Наступны суразмоўца, які адпрацаваў на фабрыцы два дзясяткі гадоў, так пракамэнтаваў затрыманьне гендырэктара «Сэрвалюкса»:

Я працаваў на фабрыцы і бачыў, як яе даводзілі да банкруцтва.

«Ды я працаваў на фабрыцы і бачыў, як яе даводзілі да банкруцтва. Тады ўсе гадалі, што адбываецца. Кармоў для курэй не давалі прывозіць. Яны дохлі. А як аддалі фабрыку гэтаму Баскіну, дык ўсё аднавілася. Фабрыка запрацавала. Пачала разбудоўвацца. Я, дык мяркую, што захоп яе адбыўся».

На ўезьдзе ў пасёлак навюткая драўляная царква.
На ўезьдзе ў пасёлак навюткая драўляная царква.

Паводле суразмоўцы, каб зарабіць працаўнікі не разгінаюць на прадпрыемстве сьпіны. Цьвердзіць, што апошнім часам паздымалі некаторыя з выплат. Будучыня прадпрыемства суразмоўцу не клапоціць «Знойдуць новага кіраўніка», — заяўляе ён.

Яўген Баскін арандаваў Магілёўскую бройлерную птушкафабрыку ў 2002 годзе. У 2006 годзе яна была прыватызаваная з дазволу Аляксандра Лукашэнкі. На фабрыцы ў Мяжысетках вырабляюць мяса птушкі пад брэндам «Петруха».

Баскіна затрымалі 14 сакавіка супрацоўнікі КДБ. Старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валеры Вакульчык пацьвердзіў затрыманьне ўладальніка групы кампаніяў «Сэрвалюкс» і шэрагу топ-мэнэджэраў кампаніі.

Усяго было затрымана 15 чалавек. Гэта службовыя асобы ЗАТ «Сэрвалюкс» і афіліяванай зь ім структуры «Экамол Агра». Як вынікае з тлумачэньняў старшыні КДБ затрыманыя стварылі групоўку, якая займалася крадзяжом грошай. Шкода ад дзейнасьці групоўкі, паводле Валерыя Вакульчыка складае ня менш за 370 млрд рублёў.

Група Кампаніяй «Сэрвалюкс» валодае трацінай беларускага рынку вырабу птушынага мяса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG