«І ў астрог нас павялі, і таўкуць бязь меры» — пісаў Янка Купала пра рэформы ў Расейскай імпэрыі ў 1905 годзе. Сёньня — Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Ці адпавядае беларуская Канстытуцыя дэмакратычным нормам, ці выконваюцца ўсе яе палажэньні? Ці мае Канстытуцыя наўпроставае дзеяньне? Ці прызнаная яна на Захадзе? Што зьмяніў у ёй канстытуцыйны рэфэрэндум 1996 году?
Цыганкоў: Перш за ўсё, варта нагадаць, што цяперашняя беларуская Канстытуцыя была прынятая ў выніку рэфэрэндуму 1996 году, які міжнародная супольнасьць і беларуская дэмакратычная грамадзкасьць лічаць нелегітымным. Нават тагачасны Канстытуцыйны Суд Беларусі пастанавіў, што рэфэрэндум у пытаньні зьменаў у Канстытуцыю мае не абавязковы, а рэкамэндацыйны характар. Такім чынам, беларусы жывуць па Асноўным законе, які быў прыняты з парушэньнямі закону і не прызнаецца міжнароднай супольнасьцю як легітымны дакумэнт.
беларускі грамадзянін, у адрозьненьні ад грамадзян іншых краінаў, ня можа падаць скаргу ці заяву ў Канстытуцыйны суд
Цяперашняя беларуская Канстытуцыя ў многіх выклікае непазьбежныя паралелі з савецкай. Савецкая была ў значнай ступені дэкляратыўнай. У значнай ступені дэкляратыўная і цяперашняя беларуская Канстытуцыя. Бо правы, якія ёсьць у Канстытуцыі, часта не забясьпечаныя рэальна ў жыцьці іншымі заканадаўчымі актамі, напрыклад, правы на мірныя шэсьці, мітынгі, на стварэньне асацыяцыяў, палітычных партыяў. Калі беларускі грамадзянін лічыць, што ягоныя правы недастаткова абароненыя, то абараніць свае правы яму вельмі складана.
Дастаткова сказаць, што беларускі грамадзянін, у адрозьненьні ад грамадзян іншых краінаў, ня можа падаць скаргу ці заяву ў Канстытуцыйны суд. Гэта нават фармальна пацьвярджае той факт, што правы асобы не абароненыя. Бо беларуская Канстытуцыя ня мае прамога дзеяньня, калі словы з Асноўнага закона зьяўляюцца вышэй за любыя іншыя законы і павінны забясьпечвацца іншымі законамі. І яшчэ адзін галоўны недахоп беларускай Канстытуцыі 1996 году — у ёй адсутнічае падзел уладаў. Канстытуцыя 1994 году адпавядала гэтаму парамэтру, і гэта прызнавалася ўсімі міжнароднымі структурамі. Пасьля 1996 году падзел уладаў быў зьнішчаны.
Карбалевіч: Канстытуцыя Беларусі — гэта Канстытуцыя супэрпрэзыдэнцкай рэспублікі. Але нават атрымаўшы надзвычайныя паўнамоцтвы, якіх прэзыдэнт ня мае ў дэмакратычнай краіне, Лукашэнка ўсё роўна парушае Канстытуцыю і законы. Аўтарытарны рэжым — гэта апрыёры неправавы рэжым, неправавая дзяржава. Лукашэнка адкідае любыя юрыдычныя абмежаваньні ягонай ўлады. Дзеля гэтага ён ліквідаваў ўсе рэальныя стрымліваньні і супрацьвагі ягонай уладзе У сваёй кнізе я на некалькіх старонках апісваю выказваньні Лукашэнкі і ягоныя дзеяньні, якія парушаюць законы і Канстытуцыю. Апошні прыклад. З 2014 года прэзыдэнцкім дэкрэтам ліквідаваны Вышэйшы гаспадарчы суд, які існаваў паводле Канстытуцыі. Як пісаў расейскі паэт Ігар Губэрман:
День Конституции напомнил
Усопшей бабушки портрет:
Портрет висит в парадной комнате,
А бабушки давно уж нет.
Дракахруст: Варта нагадаць, якія менавіта зьмены адбыліся ў Канстытуцыі па выніках Канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году. Паводле іх прэзыдэнцкі дэкрэт быў пастаўлены над законамі, прынятымі парлямэнтам. Такім чынам заканадаўчы орган ператвараўся ў прыдатак прэзыдэнцкай адміністрацыі. Вы, Віталь, сапраўды маеце рацыю, калі кажаце, што ў Канстытуцыі Беларусі няма палажэньняў прамога дзеяньня. Напрыклад, у США суды прымаюць прамую спасылку на Канстытуцыю, скажам, на Першую папраўку да Канстытуцыі, якая гарантуе свабоду выказваньня. У Беларусі права, задэкляраванага ў Канстытуцыі, мала, патрэбны яшчэ закон, які гэтае права замацоўвае.
Адзінае, ў чым я б з вамі, Віталь, не пагадзіўся — дык гэта з вашай тэзай, што Канстытуцыя ўзору 1996 году не прызнаецца міжнароднай супольнасьцю. Ну як не прызнаецца? Паслы прыяжджаюць, даверчыя лісты ўручаюць. Вось і санкцыі зьнялі. Што азначае гэтае непрызнаньне? У рэшце сьвет прызнае тыя рэаліі, якія існуюць у той ці іншай краіне. Безумоўна, калі палітычныя рэаліі зьменяцца, то, магчыма, і прыгадаюць, што ў 1996 годзе была прынятая даволі дзіўная Канстытуцыя.
Цыганкоў: Непрызнаньне гэтай Канстытуцыі як недэмакратычнай — гэта азначае прыблізна тое ж, як Захад, напрыклад, не прызнаваў акупацыю краінаў Балтыі Савецкім Саюзе. Дэ-факта яны існавалі ў СССР, прадстаўлялі яго на спартовых спаборніцтвах, але ўсё ж юрыдычнага прызнаньня гэтай рэальнасьці з боку Захаду не было. І потым, у канцы 80-х, гэта аблегчыла шлях балтыйскіх краінаў да незалежнасьці.