Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як прыватная гаспадыня ў судзе сваіх кароў бараніла


Людміла Каржанеўская, прыватная гаспадыня зь вёскі Масткі Гарадзенскага раёну
Людміла Каржанеўская, прыватная гаспадыня зь вёскі Масткі Гарадзенскага раёну

Пракуратура Гарадзенскага раёна праз суд спрабавала пакараць прыватную гаспадыню зь вёскі Масткі Гарадзенскага раёну Людмілу Каржанеўскую штрафам больш як на тры з паловай мільёна рублёў за тое, што яе каровы нібыта нанесьлі шкоду сельскагаспадарчаму вытворчаму каапэратыву «Азёры». Людміла Каржанеўская — адзіная гаспадыня ў вёсцы, якая трымае прыватную гаспадарку. Кароў яна пасьвіла позна ўвосень, калі ўсе працы на калгаснай сенажаці даўно былі скончаны. Прадстаўнікі «Азёраў» спрабавалі падтрымліваць пазоў, але ў ходзе суду адмовіліся ад сваіх патрабаваньняў.

Адразу пасьля суду Людміла Каржанеўская распавяла Свабодзе пра тое, чаму пагадзілася на міравую:

Некалі ў маіх дзядоў пазабіралі і зямлю, і скаціну, і ніхто нічога за нанесеную шкоду не заплаціў, а цяпер як мая карова пасьвіцца па скошаных травах, то мяне трэба ў суд...

— Я, папраўдзе, стамілася ад гэтага. Прайшло чатыры судовыя паседжаньні, а мне на кожнае трэба было ехаць зь вёскі ў горад, пакідаць гаспадарку без нагляду. Дый сама сытуацыя, калі мае каровы пахадзілі па скошанай траве і нарабілі шкоды — гэта для вясковага чалавека нейкае непадробнае глупства. Раней заўсёды на зіму шматгадовыя травы спасвалі каровамі, дый ранейшы брыгадзір ніколі мне нічога не казаў, што каровы перад зімою па полі ходзяць, а тут справу да суду давялі... Правільна, як некалі ў маіх дзядоў пазабіралі і зямлю, і скаціну, і ніхто нічога за нанесеную шкоду не заплаціў, а цяпер як мая карова пасьвіцца па скошаных травах, то мяне трэба ў суд...

Я думаю, што і так нашы калгасныя начальнікі павінны цяпер задумацца, што яны не ўсёмагутныя, а павінны зь людзьмі неяк лічыцца, а то што захочуць, тое і могуць зрабіць. Аказваецца, закон можа быць аднолькавы для ўсіх.

Людміла Каржанеўская — адзіная гаспадыня ў вёсцы, якая трымае прыватную гаспадарку. Распавяла, што скончыла сельскагаспадарчы тэхнікум, жыве ў бацькоўскай хаце і трымае сваю гаспадарку, бо ў яе малыя дзеці і іх трэба ставіць на ногі.

Пакуль нідзе не працуе, бо малодшай дачцэ толькі тры годзікі. Але марыць заняцца фэрмэрствам, бо зь дзяцінства любіць свойскую жывёлу і ведае, як працаваць на зямлі.

Людміла Каржанеўская
Людміла Каржанеўская

Напрыканцы мінулага году Адміністрацыйная камісія Гарадзенскага райвыканкаму аштрафавала яе на 10 базавых велічынь — нібыта за тое, што яе тры каровы і цяля пасьвіліся на калгасным полі і здратавалі шматгадовыя травы.

Людміла Каржанеўская не пагадзілася з такім рашэньнем і зьвярнулася са скаргай у раённую пракуратуру. Адказу адтуль не атрымала, затое прыйшла позва ў суд. Пракуратура Гарадзенскага раёну выставіла да Людмілы Каржанеўскай яшчэ адзін пазоў, амаль на два мільёны, за нанесеную гаспадарцы шкоду.

У судзе Каржанеўская не адмаўляла, што яе каровы насамрэч пасьвіліся на калгасным полі, але не пагадзілася, што гэтым яны нанесьлі гаспадарцы хоць якую шкоду.

На полі, дзе растуць шматгадовыя травы, ужо даўно ўсё пакасілі і траву пазвозілі. Такім чынам, шкоды ніякай, бо на зіму травы ўсё роўна болей ня вырастуць і ўраджаю ніхто зьбіраць ня будзе.

— Я выпасвала кароў напрыканцы кастрычніка, у пратаколе пазначана дата 28 кастрычніка. На полі, дзе растуць шматгадовыя травы, ужо даўно ўсё пакасілі і траву пазвозілі. Такім чынам, шкоды ніякай, бо на зіму травы ўсё роўна болей ня вырастуць і ўраджаю ніхто зьбіраць ня будзе. А ў пратаколе запісана, што каровы выпасваліся на пасевах. Там ніякіх пасеваў няма. І на адміністрацыйнай камісіі мяне ніхто не хацеў слухаць.

Тым ня менш прадстаўнікі «Азёраў» — юрыст, аграном і загадчык участку — настойвалі, што шкода была нанесеная. Яны нават прадставілі суду памеры нанесенай шкоды, падлічаныя адмыслоўцамі гаспадаркі. Сума склала звыш двух мільёнаў рублёў. Старшы аграном гаспадаркі казаў: шкода выявілася ў тым, што каровы капытамі паўціскалі траву ў зямлю — цяпер, маўляў, глебу давядзецца дадаткова ўшчыльняць і баранаваць, а гэта зноў затраты.

Дадаліся і новыя акалічнасьці: прадстаўнікі гаспадаркі падлічылі, што каровы зьелі і патапталі каля 200 кг буракоў на суседнім полі — маўляў, гэта дадатковыя страты. Але пасьля таго як Каржанеўская, запатрабавала, каб прадставілі хоць якія сьведчаньні (здымкі ці вусныя сьведчаньні іншых людзей) пра зьедзеныя і патаптаныя буракі, ад гэтых патрабаваньняў прадстаўнікі гаспадаркі адмовіліся.

У суду паўстала пытаньне — якім чынам падлічвалася шкода, нанесеная шматгадовым травам? Прадстаўнікі гаспадаркі тлумачылі, што падлік зроблены на падставе дадзеных, якія фактычна затрачваюцца на працягу году на тэхналягічны догляд поля.

Аднак высьветлілася, што пасьля так званай «нанесенай шкоды» гаспадарка не ўкладала ніякіх сродкаў у тое, каб аднавіць стаптанае каровамі поле на плошчы каля 70 сотак. Галоўны аграном гаспадаркі аўтарытэтна тлумачыў у судзе, што падобныя працы праводзяцца ў адпаведны пэрыяд пры адпаведных тэмпэратурах — маўляў, будзем рабіць гэта вясной.

Навукоўцы з Аграрнага ўнівэрсытэту выяжджалі на поле і заключылі, што ніякіх сьлядоў пашкоджаньня шматгадовых траў на дадзеным полі не ўстаноўлена і казаць пра нейкую нанесеную каровамі шкоду не выпадае.

Тым часам судзьдзя зачытала даведку экспэртнай камісіі. Навукоўцы з Аграрнага ўнівэрсытэту выяжджалі на поле і заключылі, што ніякіх сьлядоў пашкоджаньня шматгадовых траў на дадзеным полі не ўстаноўлена і казаць пра нейкую нанесеную каровамі шкоду не выпадае.

Судзьдзя задала пытаньне абодвум бакам — ці магчыма справу скончыць мірам, гэта значыць — ці можа гаспадарка адмовіцца ад сваіх ранейшых прэтэнзіяў да Каржанеўскай?

Прадстаўнікі гаспадаркі «Азёры» на прапанову адразу пагадзіліся, пры гэтым толькі выставілі ўмову, каб Каржанеўская паабяцала, што яе каровы болей ня пойдуць на калгаснае поле. Ніякіх пярэчаньняў ня выказаў і прадстаўнік раённай пракуратуры, які амаль увесь працэс праседзеў моўчкі.

Каржанеўская паведаміла суду, што днямі ў райвыканкаме ёй абяцалі выдзеліць тры гектары зямлі па вядзеньне прыватнай гаспадаркі, маўляў, будзе дзе пасьвіць кароў і нарыхтоўваць кармы. Хоць раней, як заўважыла Каржанеўская, пра гэта зь ёй нават не хацелі весьці гаворкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG