У пяці дамах на вуліцах Заслонава і Будаўнікоў, узьведзеных у 1950-х гадах, жыве больш за тры дзясяткі сямей. У двухпавярховых будынінах з выгодаў толькі трубаправод з халоднай вадой ды электрычнасьць. Прыбіральня на двары. Дамы не газыфікаваныя. Як сьцьвярджаюць жыхары, карыстацца прывазным газам ім забаранілі пажарныя. Электрапліты таксама пад забаронай, бо не вытрымлівае нагрузку электраправодка.
Паводле жыхароў дамы не рамантаваліся ад самага будаўніцтва. Са столі абвальваецца тынкоўка. Дахі дзіравыя — калідоры і пакоі залівае вадой. Двары не асфальтаваныя — у калдобінах. З прыбіральняў — смурод.
«Вы самі бачыце, як мы жывём: з халоднай вадой ды прыбіральняй на вуліцы і гэта ў 21 стагодзьдзі, — апавядае жыхарка аднаго з дамоў. — Пажарныя сказалі: як у доме пражывае больш за восем сямей, дык балённага газу ня мусіць быць. Патрэбны прыродны газ, а хто нам яго сюды падвядзе. Ежу гатуем, як хто злаўчыцца».
Суразмоўца жыве ў не рамантаваным доме на вуліцы Будаўнікоў ад 1973 году. Пакой атрымала, калі муж працаваў у будаўнічых трэсьце № 12. За жытло плаціць больш за 750 тысяч рублёў у месяц.
«Кажуць, што наш дом аварыйны і яго зьбіраюцца зносіць, але чаму тады плацім выдаткі на яго рамонт?», — абураецца кабета.
«Дом ніколі не рамантавалі. Усё ў ім робім самі, — даводзіць яна. — А цяпер сутыкнуліся зь няпэўным статусам дому. Ордэры давалі як на кватэры, а цяпер кажуць, што жывём у інтэрнаце. Заяўляюць так: зьбірайцеся будзем перасяляць у інтэрнаты, а ня хочаце, дык на вуліцу».
«Я разумею, што цяпер задарма нічога не даюць, але тады выдзеліце нам льготны крэдыт на ўзьвядзеньне жытла. Большага ня просім», — прапануе свой варыянт выхаду з сытуацыі суразмоўца.
«Няхай бы дазволілі прыватызаваць нам гэта жытло. Дах толькі трэба перакрыць. Мы б усё астатняе самі зрабілі, дык не дазваляюць», — далучаюцца да гутаркі яшчэ двое жыхароў дому.
«Я зрабіў рамонт, а цяпер нас выганяюць з дому. Лічыльнік паставілі агульны. Колькі нагарыць, дык дзеляць на ўсіх жыльцоў, — апавядае пра жыцьцё ў старым доме яшчэ адзін жыхар.
«Нам крэдытаў не давалі, прыватызаваць кватэры не давалі, а цяпер, як засталося пяць гадоў да сьмерці, мяне ў інтэрнат. Кватэру давалі як маласямейку і ордэр ёсьць на яе. А цяпер... Дзе ж тут справядлівасьць», — абураецца ён.
«Я хацела стаць у чаргу на жытло, але мне сказалі, што мэтражу даволі, таму нельга, — з тым жа настроем працягвае жыхарка яшчэ аднаго дому. — Мы гатовыя былі будавацца, але дакумэнтаў не давалі. А цяпер як высьвятляецца можам стаць бамжамі. Як у трэсьце цяпер не працуеш, ды маеш тут кватэру, то усё залежыць ад міласьці трэста. Могуць жа на вуліцу выкінуць».
Жыхары дамоў прайшлі не адзін суд. Адшукалі дакумэнты, якія, нібыта, пацьвярджаюць, што яны жывуць у кватэрах, а не ў інтэрнатаўскіх пакоях. У судах, цьвердзяць жыльцы, на гэтыя дакумэнты мала зьвяртаюць увагі. Як у апошнюю інстанцыю напісалі ў адміністрацыю прэзыдэнта.
«Як перадалі туды наш ліст, адразу паразьвешвалі абвесткі, што з намі гатовыя сустрэцца прадстаўнікі адміністрацыі будаўнічага трэста № 12 і мясцовай улады», — заяўляюць абураныя людзі.
У сваімі лісьце жыхары даводзілі: у 1970-90 гадах згодна ордэрам, выданым трыма гарадзкімі райвыканкамамі ў пяці двухпавярховых дамах на вуліцы Будаўнікоў і Заслонава «выдзяляліся кватэры з абмежаванымі выгодамі са зьняцьцем з чэргаў».
«У нас ёсьць шматлікія дакумэнты, якія пацьвярджаюць статус дамоў... Нашы беды пачаліся ў 2000 гадаў, як даведаліся, што нашы дамы маюць статус „інтэрнатаў“. Ніякіх паведамленьняў пра пагаршэньне жыльлёвых ўмоваў мы не атрымлівалі... У 2015 годзе грамадзян, якія жывуць у гэтых дамах паставілі перад фактам, што яны могуць апынуцца на вуліцы», — даводзілі адміністрацыі прэзыдэнта жыльцы дамоў.
У актавую залю трэста на сход прыйшлі больш да пяцьдзесят чалавек. Сытуацыю з дамамі спрабаваў тлумачыць абураным людзям генэральны дырэктар будаўнічага трэсту Дзьмітры Марозаў. Сход праходзіў эмацыйна. Бакі апэлявалі кожны сваім пакетам дакумэнтаў і разуменьнем сытуацыі.
Паводле Марозава пазыцыя трэста грунтуюцца на дакумэнтах пра статус дамоў, якія ёсьць у арганізацыі. «Суды разглядаюць статус гэтых дамоў, як інтэрнаты. У нас няма падставаў сьцьвярджаць, што гэтыя інтэрнаты — жылая дамы», — настойваў кіраўнік трэста.
«Што да ордэрах, то ў той час, калі іх выдавалі, яны былі аднолькавыя: што на кватэру, што на пакоі ў інтэрнаты», — даводзіў Дзьмітры Марозаў.
З такімі довадамі не пагаджаліся жыхары. У пашпартах з прапіскай і рашэньні аб выдзяленьні жытла, настойвалі яны, пазначаныя менавіта кватэры, а не пакоі у інтэрнаце.
«Вы зразумейце нас, — зьвяртаўся да жыльцоў Марозаў, — Вы апэлюеце дакумэнтамі даўніх часоў. У трэста гэтых дакумэнтаў няма. Бо яны мусілі захоўвацца ў Міністэрствах, а іх там цяпер няма. Мы туды зьвярталіся. І цяпер мы апэлюем дакумэнтамі, якія ў нас ёсьць».
На сходзе высьветлілася, што афіцыйна аварыйным прызнаны толькі адзін дом зь пяці. Жыльцы ж даводзілі: у іх на руках рашэньне гарвыканкаму пра знос усіх гэтых дамоў. Людзі выказалі занепакой, што могуць апынуцца на вуліцы. Дзьмітры Марозаў заспакоіў: перасяляць будзем з інтэрнату ў інтэрнат.
«Трэсту трэба зьвярнуцца да органаў мясцовай улады, каб тая разабралася з дакумэнтамі розных часоў і вызначыла статус дамоў, — параіў на сходзе Дзьмітрыю Марозаву магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель, які дапамагае жыльцам абараніць іх права на жытло.
На сходзе паспрабавалі разабрацца з аплатай жытла ў дамах са спрэчным статусам. Дзьмітры Марозаў прызнаў, што шэраг дакумэнтаў па аплаце супярэчыць адзін аднаму і дасланы запыт у Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і Міністэрства эканоміка, каб тыя разабраліся ў сытуацыі. Паводле кіраўніка трэста многае незразумела як налічваць аплату. «Усе чакаюць, калі выйдзе прэзыдэнцкі ўказ, каб ад яго адштурхнуцца», — зазначаў ён.
«Вы ж чулі прэзыдэнт сказаў: „Я не дазваляю падымаць тарыфы на электраэнэргію, на ваду, на газ“. Усе чакаюць гэты ўказ, каб перагледзіць тарыфы», — спрабаваў супакоіць людзей Дзьмітры Марозаў.
Тым ня менш пэўнага адказу не было, ці будуць і як кампэнсаваныя пераплаты за карыстаньне жытлом.
«На сходзе мы дамовілі, што далей будзем яшчэ разьбірацца. Мы адказалі на ўсе пытаньні, якія задаваліся на сходзе. Тое, што засталося ня вырашаным з ініцыятыўнай групай больш дэталёва разгледзім», — пракамэнтаваў вынікі сходу Дзьмітры Марозаў.
«Вы ж бачылі, што мы прыйшлі на сход не канфліктаваць, — дадаў ён. — Мы паспрабавалі знайсьці разумнае рашэньне для гэтых людзей. У нас няма задачы некага пакрыўдзіць, ці пакараць».
Тым часам жыхары сходам не задаволеныя. Паводле іх кіраўніцтва трэсту не адказала ні на воднае пытаньне людзей.
«Чаму не прызнаюцца нашы дакумэнты? Трэба неяк вырашаць праблему. Мы настойваем, што мусіць быць рашэньне гарвыканкаму пра статус дома. Некалі ж дамы перавялі з жылога ў інтэрнаты, калі такое наагул было. Ніхто ж пра гэта ня ведае. Людзей не інфармавалі. Пакажыце нам тое рашэньне і мы ад трэста адстанем», — пракамэнтавала вынікі сходу актыўная яго ўдзельніца, якая назвалася, Вераю.
Жыхары сьцьвярджаюць, што іх дамы маюць вялікі працэнт зносу і каштуюць па цяперашнім часе капейкі. «Яны хочуць іх зьнесьці, а на іх месцы ўзьвесьці высотку, а нас расьсяліць зь мінімальнымі выдаткамі для сябе. Таму, хочуць пераканаць нас, што мы жывём у інтэрнатах і кватэр нам даваць ня варта, толькі пакоі ў інтэрнаце», — настойваюць людзі.