Прэсавы сакратар КДБ Дзьмітрый Пабяржын адказаў карэспандэнту Свабоды на пытаньне адносна зьвестак пра затрыманьне Юрыя Чыжа ды іншых кіраўнікоў кампаніі «Трайпл».
«Ведаю пра гэта толькі тое, што ёсьць у інтэрнэце. Нічога не камэнтуем. Калі будзе нейкая інфармацыя ў панядзелак, паведамім», — заявіў ён.
Прэсавыя сакратары МУС і Сьледчага камітэту на званкі не адказалі.
Учора партал tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміў, што адзін з уплывовых некалі бізнэсоўцаў краіны, які ўваходзіў у найбліжэйшае кола кіраўніка Беларусі, Юры Чыж затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Паводле інфармацыі БелаПАН, учора ў офісе Чыжа прайшоў ператрус, была праведзена выемка дакумэнтаў.
Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма. Тэлефон Юрыя Чыжа адключаны. Прэс-служба кампаніі «Трайпл» на званкі не адказвае.