Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сраёнкі» не напішуць пра дзейнасьць «купіздая»…


Зміцер Бартосік
Зміцер Бартосік

Падчас сваіх вандровак па Беларусі радуюся кожнаму нячутаму раней слову, нібы брыльянту.

І кожнага разу дзіўлюся, як выпадкова тыя словы нараджаюцца, зь якога бруднага матэрыялу, на мяжы мацяршчыны. Але ад таго становяцца надзвычай трапнымі.

У паваеннай Заходняй Беларусі пасьля афіцэраў МГБ людзі найбольш баяліся фінансавых агентаў. Каб загнаць сялянства ў калгасы, савецкая ўлада ледзь ня кожны месяц падвышала падаткі. І менавіта фінагенты падчас калектывізацыі выконвалі падатковы нагляд за вольнымі аднаасобнікамі.

Дык вось, у мястэчку Лынтупы фінагент на ўсе просьбы і маленьні сялян крыху пачакаць, заўжды адказваў двума словамі: «Купі і здай». «Ня маеш яек? Купі і здай». «Малака няма? Купі і здай!» І так кожнаму: «Купі і здай!» Ён і сам не заўважыў, як аднойчы выслоўе стала ягоным імем.

Мінула эпоха калектывізацыі. Ужо даўно не было каму і не было патрэбы штосьці купляць і здаваць. Былы фінагент стаў спачатку бухгалтарам, пасьля выйшаў на пэнсію. Але для ўсіх людзей гэты чалавек так і застаўся Купіздаем. «Вунь, Купіздай пайшоў!» «Ад Купіздая чуў». «Дзе? Ды за Купіздаевай хатай». Напэўна, так нараджаюцца людзкія прозьвішчы.

Мой таварыш, глыбоцкі журналіст Зьміцер Лупач неяк прыйшоў на працу, дзе каляжанка азадачыла яго наступным паведамленьнем: «Тут да цябе заходзілі нейкія сраёнкі». «Якія яшчэ сраёнкі?», – не зразумеў Лупач. Бо «з раёнкі» прагучала, натуральна, як «сраёнкі». «Ах! Гэтыя сраёнкі?!» З тае пары ў маім лексыконе, дзякуй Лупачу, зьявілася гэтае мілагучнае слова.

«Купіздаі» зь пяцідзясятых гадоў нікуды не падзеліся. Іх нават стала больш. І хоць пра іхную дзейнасьць ня пішуць «сраёнкі», дзейнасьць тая заўважная няўзброеным вокам. У тым ліку і на радзіме «купіздая», на Пастаўшчыне.

Вось спыніў сваю дзейнасьць геній турыстычнага бізнэсу Ягор Шушкевіч. Аўтар Зюзі Паазерскага. Беларускай па духу і па мове, па-тэатральнаму прыгожай, міталягічна бездакорнай альтэрнатывы маскоўскаму «деду морозу». Я зь дзецьмі ня раз прыяжджаў падчас калядных вакацыяў у Паставы толькі дзеля казачнага паказу ў Зюзі Паазерскага. Да яго штодня кіравалі дзясяткі аўтобусаў. Усе навакольныя «сраёнкі» штогод адзначаліся сьвяточнымі рэпартажамі. Нават ня верылася, што ў нас магчыма арганізаваць беларускае сьвята без удзелу дзяржавы. І вось сёлета даведаўся, што беларускай казцы прыйшоў канец. І не зь віны ідэолягаў. Па чутках, пастаўскія «купіздаі» заламілі такія кошты арэнды на былы піянэрскі лягер, які служыў рэзыдэнцыяй Зюзі, што праводзіць сьвяты стала нерэнтабэльна. Хоць па ідэі гэты лягер трэба было падараваць Ягору Шушкевічу ва ўрачыстай абстаноўцы. І яшчэ абвесьціць гэтага шоўмэна пачэсным грамадзянінам Пастаў.

Ня ведаю колькасьці «купіздаяў» у сёньняшняй Беларусі. Але дакладна іх у разы больш, чым было пры таварышу Сталіну. Бо яшчэ адна добрая справа прыкрылася менавіта дзякуючы ім. На віленска-полацкай трасе, у раёне Лучая, вельмі прагрэсіўны дырэктар СВК арганізаваў страўсіную фэрму зь міні-заапаркам і арыгінальнай кавярняй, дзе можна было пакаштаваць хоць жаранку з экзатычнай птушкі, хоць яешню. Ну і, вядома, усе «купіздаі» раёну і вобласьці не маглі не ўшанаваць сваёю прысутнасьцю гэтую страўню. Усе прадстаўнікі пракурорскіх, судзейскіх, падатковых ды іншых правяраючых органаў рэгулярна аказвалі гонар гэтай кавярні.

«Откушивать изволяли», але плаціць за ежу лічылі ніжэй за свой статус. І калі аднойчы гаспадар кавярні катэгарычна запатрабаваў ад чарговых «купіздаяў» расплаціцца па рахунку, грымнуў скандал. Бо «купіздаі» былі ня простыя, а сталічныя! Ледзь не з галоўнай Адміністрацыі!

На кавярню былі абрынутыя ўсе маланкі. На дырэктара завялі крымінальную справу. Заапарк быў разагнаны. Усе страўсы былі зжэртыя «купіздаямі» разам зь яйкамі. Страўня была закрытая. Усе «сраёнкі», якія на працягу гадоў сьпявалі дыфірамбы мудраму кіраўніку гаспадаркі, заткнуліся на раз. А самога мудрага кіраўніка, кажуць, ад лягеру выратаваў толькі абшырны інфаркт.

Аднойчы армія «купіздаяў» зжарэ ўсё жывое і прымецца жэрці саміх сябе. Паколькі жывога засталося няшмат, чакаць застаецца нядоўга. Калі, вядома, дажывем.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG