Надзея Саўчанка сёньня павінна выступіць з апошнім словам у Данецкім гарадзкім судзе Растоўскай вобласьці, дзе слухаецца справа па абвінавачваньні яе ў саўдзеле ў забойстве двух журналістаў пад Луганскам і незаконным перасячэньні мяжы.
8 сакавіка адвакат Мікалай Полазаў, які ўжо прыляцеў з Масквы ў Данецк, напісаў у Твітэры, што ў яго падабароннай праблемы з сэрцам.
Раней адвакаты выказвалі асьцярогі, што з-за сухой галадоўкі яна фізычна ня зможа выступіць у судзе.
Тэкст апошняга слова Надзеі Саўчанкі быў апублікаваны ў інтэрнэце 3 сакавіка — адразу пасьля таго, як суд, ня даўшы ёй магчымасьці выступіць, перанёс паседжаньне на 9 сакавіка, а ўкраінская ваеннаслужачая ў адказ абвясьціла сухую галадоўку.
Гэта ўжо ня першая яе галадоўка з моманту затрыманьня ўлетку 2014 году. Саўчанка адхіляе ўсе абвінавачаньні і патрабуе вярнуць яе ва Ўкраіну.
З 7 сакавіка ў гарадах Украіны і Расеі, а таксама ў некаторых краінах праходзяць акцыі з патрабаваньнем неадкладна вызваліць Надзею Саўчанку.