Акцыя скончылася, затрыманьняў каля амбасады не было.
Удзельнікі акцыі пачалі разыходзіцца.
Алесь Міхалевіч, які прыйшоў да амбасады: «Мне хочацца, каб Саўчанка выжыла, а тыя людзі, якія яе незаконна арыштавалі, атрымалі пакараньне». Міхалевіч падыйшоў да супрацоўніка, які вёў апэратыўныя відэаздымкі, і спытаў, чаму ён здымае, пачаў хадзіць вакол яго.
Вячаслаў Сіўчык: «Мы заўсёды падтрымлівалі Ўкраіну. Сытуацыя вакол Саўчанкі павінна ўсіх хваляваць. Пуцін паводзіць сябе, парушаючы ўсе законы. Саўчанка — гераіня Ўкраіны. Наш прыход сюды — гэта падтрымка Надзеі Саўчанкі і Ўкраіны».
Алесь Макаеў: «Сухая галадоўка — змагарны чын. Трэба прыходзіць да амбасадаў Расеі па ўсім сьвеце, каб не было гвалту над героямі Ўкраіны».
Максім Вінярскі заклікаў прыйсьці 9 сакавіка да расейскай амбасады, калі будуць выносіць прысуд Надзеі Саўчанцы.
Удзельнікі акцыі стаяць ля амбсады. Некаторыя трымаюць плякаты «Пуцін — забойца», «Путлера ў Нюрнбэрг», «Расея — гэта вайна», «Героям слава». Актывістка Ніна Багінская прыйшла да амбасады з бел-чырвона-белым сьцягам.
З амбсады Расеі ніхто не выходзіць.
Вячаслау Сiучык i Алесь Макаеу #FreeSavchenko #savchenko #belarus https://t.co/wXjrnatLgQ
— Радыё Свабода (@svaboda) 7.3.2016
#savchenko #minsk Людзi гукаюць лёзунгi у падтрымку Надзеi https://t.co/1OMthibRyn
— Радыё Свабода (@svaboda) 7.3.2016
Каля амбасады Расеі ў Менску зьбіраюцца ўдзельнікі акцыі салідарнасьці з Надзеяй Саўчанкай, а таксама журналісты.
Усяго зь дзесятак чалавек. Зьміцер Дашкевіч трымае невялікі плякат з надпісам: «Свабоду Надзеі Саўчанцы». Разгарнулі бел-чырвона-белы сьцяг, у некаторых жоўта-блакітныя стужкі.
Амбасада зачынена. Прысутных здымаюць на відэа супрацоўнікі міліцыі.