Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснавальніца расейскай тэлекампаніі «Рен-ТВ» заклікае Пуціна вызваліць Саўчанку


Заснавальніца расейскай тэлекампаніі «Рен-ТВ» Ірына Лісьнеўская заклікае прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна вызваліць украінскую грамадзянку Надзею Саўчанку, якую судзяць у Расеі па абвінавачваньні ў забойстве двух расейскіх журналістаў на Данбасе.

Заснавальніца расейскай тэлекампаніі «Рен-ТВ» Ірына Лісьнеўская заклікае прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна вызваліць украінскую грамадзянку Надзею Саўчанку, якую судзяць у Расеі па абвінавачваньні ў забойстве двух расейскіх журналістаў на Данбасе. У адкрытым лісьце Лісьнеўскай Пуціну, апублікаваным у нядзелю ў Фэйсбуку, гаворыцца:

«На вачах ва ўсяго сьвету, у расейскай турме, абвясьціўшы сухую галадоўку, памірае адважная жанчына Надзея Саўчанка. Я прашу, я заклікаю да ўсяго чалавечага, хрысьціянскага, мужчынскага, у рэшце рэшт, каб спыніць гэта і неадкладна абмяняць Надзею на расейскіх ваеннапалонных або амніставаць сваім указам! Не прыніжайце Расею, яе мужчын, яе афіцэраў, у якіх яшчэ засталіся ўяўленьні пра гонар!»

У інтэрвію Свабодзе Лісьнеўская сказала, што гэты яе крок выкліканы бясконцым пачуцьцём сораму за ўсё, што адбываецца з Саўчанкай у Расеі.

Акцыі ў абарону Саўчанкі і з патрабаваньнем да Расеі неадкладна вызваліць яе прайшлі ў Кіеве і яшчэ ў шэрагу гарадоў Украіны, а таксама ў расейскім Санкт-Пецярбургу і ў чэскай Празе.

Надзея Саўчанка ад 3 сакавіка абвясьціла сухую галадоўку на знак пратэсту супраць затрымкі з вынясеньнем ёй прысуду пасьля таго, як на судзе ў горадзе Данецку Растоўскай вобласьці Расеі, дзе ў той дзень чакалі завяршэньня слуханьняў пасьля апошняга слова Саўчанкі, судзьдзя нечакана закрыў пасяджэньне і абвясьціў перапынак да прамаўленьня апошняга слова на 9 сакавіка.

Пры гэтым яшчэ ў сярэдзіне сьнежня Саўчанка абвясьціла «звычайнае» галадаваньне. Тэкст апошняга слова Саўчанкі быў абнародаваны ад яе імя ў Фэйсбуку.

Паводле словаў Саўчанкі, яна не прызнае ні сваёй віны, ні прысуду, ні самога расейскага суда над ёй. Але яна заявіла, што ня будзе абскарджваць прысуд.

Надзею Саўчанку, народнага дэпутата Ўкраіны і дэлегата Вярхоўнай Рады ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, у Расеі абвінавачваюць у саўдзеле ў забойстве ў 2014-м двух супрацоўнікаў расейскага дзяржаўнага тэлебачаньня, якія нелегальна знаходзіліся ва Ўкраіне, а таксама ў замаху на забойства групы сэпаратыстаў і ў незаконным перасячэньні расейскай мяжы. Расейскія пракуроры патрабуюць пазбавіць ўкраінку волі на 23 гады.

Саўчанка і яе абарона адпрэчваюць абвінавачаньні і заяўляюць, што на момант гібелі расейскіх журналістаў яе ўжо захапілі ў палон сэпаратысты, потым сілай вывезьлі ў Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG