Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства кампосту


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

У Беларусі шырыцца армія дармаедаў. Міністэрства культуры стварыла камісію, якая будзе «разглядаць» мастакоў і вырашаць, мастакі яны ці дармаеды.

Колькі работнікаў паядаюць бюджэт у самім Мінкульце, нідзе не паведамляецца, колькі будзе ў новай камісіі – таксама. Пры тым, што сама культура ў Беларусі, дзякуючы дзейнасьці гэтага ведамства, нясе аграмадныя страты.

Адзін толькі прыклад. За мінулыя гады дзяржаўны Інстытут кнігі ў Польшчы адрамантаваў і пабудаваў з нуля 250 бібліятэк у мястэчках і вёсках. Цяпер гэта мадэрныя цэнтры культуры, дзе апроч кніг ёсьць мультымэдыя, залі для імпрэзаў, куткі для дзяцей ды шмат чаго яшчэ. Людзі ў вёсках пачалі выходзіць з дому, бо ёсьць куды пайсьці, там усё працуе ад ранку да вечара і бясплатна.

Але гэта ў Польшчы. У Беларусі за 2013-2014 гады было закрыта 573 бібліятэкі. Чыноўнікі падкрэсьліваюць, што гэта ў асноўным сельскія бібліятэкі, а іх ліквідацыю называюць «аптымізацыяй».

Акцэнт на сельскай мясцовасьці робіцца нібы ў апраўданьне, бо «ўсе ведаюць», што вёска ў нас вымірае. Але давайце працягнем лёгіку. Тое, што вёска вымірае – ня нейкі там аб’ектыўны працэс, а вынік палітыкі дзяржаўных чыноўнікаў, якія, між іншым, закрываюць апошнія цэнтры культуры – бібліятэкі. Вёскі «аптымізуюцца», то бок ліквідуюцца сьледам за цэнтрамі культуры. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы кажа, што ў Беларусі мусіць жыць 40 мільёнаў чалавек замест сёньняшніх дзевяці з паловай. Пытаньне толькі – дзе і за кошт чаго яны будуць жыць – у вёсках з рэальнай працы ці ў новаствораных камісіях розных міністэрстваў і ведамстваў, каб правяраць мастакоў на дармаедзтва.

У згаданай Польшчы падобныя абсурдныя камісіі былі аб’ектам сатыры яшчэ ў савецкія часы. Гэта ж колькі карыкатураў можна намаляваць на дзяржаўных дармаедаў, якія правяраюць на дармаедзтва пісьменьніка, мастака, музыканта.

Увогуле чыноўнік і Культура могуць адэкватна суіснаваць толькі тады, калі першы разумее сваю ролю кампосту і ролю Культуры як плада, памідора, напрыклад. Быць кампостам – пачэсная функцыя ўсіх міністэрстваў і ўраду, пакуль гною не становіцца празьмерна шмат, пакуль ён не залівае сабою ўсё і не пачынае над усім дамінаваць.

Дзіця разумее, што ад памнажэньня кампосту памідораў болей ня стане. Таму філязофія кампосту, які паставіў сябе на месца памідора, падманная. Чыноўнік па вызначэньні дармаед, ён нічога не вырабляе, яго задача – дапамагаць мастаку ў яго самарэалізацыі. Спажывец ніколі ня стане купляць у краме і есьці на сьняданак кампост – а менавіта сьцьверджаньнем адваротнага апраўдваюць сваё існаваньне чыноўнікі. Ня купяць і не зьядуць міністра Сьвятлова з арміяй падначаленых замест твораў Літвінковіча ці Лазьніцы ці тысяч мастакоў, якія зьехалі зь Беларусі ў адэкватны сьвет. У выніку – чарговы ўдар па бюджэту і сьветламу лёзунгу «Купляйце беларускае».

Беларуская культура, на жаль, існуе збольшага па-за межамі Беларусі. Тут разрастаецца кампост, а нашы памідоры высьпяваюць дзе заўгодна, толькі ня ў нас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG