Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзея Саўчанка сёньня выступіць з апошнім словам у расейскім судзе


Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

Палоненая ўкраінка патрабуе, каб прысуд быў вынесены як мага хутчэй.

У расейскім горадзе Данецку Растоўскай вобласьці ў завяршальную фазу ўвайшоў працэс па справе Надзеі Саўчанкі. Пракуроры запатрабавалі асудзіць ўкраінку на 23 гады пазбаўленьня волі.

У гарадзкім судзе Данецку 2 сакавіка быў аншляг. Паводле паведамленьняў журналіста Радыё Свабода, давялося нават адкрываць другі пакойчык для тэлетрансьляцыі, таму што ў адным усе журналісты не зьмясьціліся. Адзін з адвакатаў Надзеі Саўчанкі — Ільля Новікаў — зьявіўся ў зале суду ў вышыванцы.

Абвінавачваньне выступала ў спрэчках першым, пракурор запатрабаваў прызнаць Надзею Саўчанку вінаватай у гібелі расейскіх журналістаў і прызначыць ёй пакараньне ў выглядзе 23 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму і штраф у 100 000 рублёў. Надзея Саўчанка, якая выступіла ў дэбатах пасьля перапынку, заявіла, што выконвала свой абавязак перад Радзімай і ня лічыць сябе вінаватай. Зьвяртаючыся ў суд, Саўчанка папрасіла не зацягваць вынясеньне прысуду і даць ёй роўна столькі, колькі просяць пракуроры.

Дайце, калі ласка, пракурорам столькі, колькі яны просяць. Усе 23! Ня трэба даваць больш або менш, каб у іх быў час на нейкія касацыйныя скаргі і зацягваньне часу.

«Я не лічу патрэбным чакаць нейкага абмену. Калі вы лічыце патрэбным палітычна вырашыць гэтую справу і ўзяць двух вінаватых ГРУшнікаў за аднаго невінаватага, то гэта занадта шмат. Трэба было Сянцова з Кольчанкам мяняць на ГРУшніка. Я не прадмет гандлю. Я невінаваты чалавек. І самае галоўнае, суд, зьвяртаюся да вас. Дайце, калі ласка, пракурорам столькі, колькі яны просяць. Усе 23! Ня трэба даваць больш або менш, каб у іх быў час на нейкія касацыйныя скаргі і зацягваньне часу», — сказала Саўчанка.

Надзея Саўчанка таксама папярэдзіла, што ў выпадку, калі судзьдзя будзе пісаць прысуд даўжэй за два тыдні, яна аб’явіць сухую галадоўку, пачынаючы з чацьвярга. Ня лічыць патрэбным абскардзіць прысуд і абарона ўкраінскай лётчыцы, пра гэта пасьля заканчэньня судовага паседжаньня сказаў адзін з адвакатаў Ільля Новікаў.

Сапраўды ўсё роўна, які тэрмін будзе ў прысудзе, таму што мы разумеем, судзьдзі разумеюць, пракуроры разумеюць і Надзея Саўчанка разумее, што час, калі яна будзе дома на волі, ніяк не залежыць ад таго, што будзе запісана ў прысудзе.

«Што мы думаем з нагоды таго, колькі дадуць? Шчыра кажучы, няма розьніцы. Цяпер просяць 23 гады. Запрасілі б 25, гэта не было б горш. Запрасілі б 10, гэта не было б лепш. Звычайна адвакат, што б ён там ні думаў пра пракурораў, пра судзьдзяў, павінен сваё асабістае меркаваньне засунуць глыбей і змагацца для свайго падабароннага за кожны лішні год і за кожны лішні месяц, якія трапяць у прысуд. Але гэта ня наш выпадак. Нам сапраўды ўсё роўна, які тэрмін будзе ў прысудзе, таму што мы разумеем, судзьдзі разумеюць, пракуроры разумеюць і Надзея Саўчанка разумее, што час, калі яна будзе дома на волі, ніяк не залежыць ад таго, што будзе запісана ў прысудзе», — адзначыў адвакат.

Спрэчкі бакоў працягнуцца ў судзе расейскага Данецку ў чацьвер. Чакаецца, што выступяць адвакаты Надзеі Саўчанкі, а таксама яна сама з апошнім словам у працэсе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG