Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовыя папярэджаньні ўладальнікам інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў — ej.by і nn.by.
У дачыненьні да ej.by папярэджаньне вынесена за публікацыю «Беларускае войска комплексна правяраюць на боегатоўнасьць».
Публікацыя суправаджаецца фатаграфіяй нямецкай тэхнікі часоў Другой усясьветнай вайны.
«Такая кампіляцыя тэксту і фатаграфіі дыскрэдытуе Ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь», — адзначылі ў Мінінфарме.
У матэрыяле nn.by пад загалоўкам «У Беларусі — чырвоны ўзровень дэмаграфічнай небясьпекі: штогод вымірае райцэнтар», таксама апублікаваным на беларускай мове, сьцьвярджаецца пра нібыта катастрафічную дэмаграфічную сытуацыю ў краіне.
«Гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці, што пацьвярджаецца статыстычнымі дадзенымі Нацыянальнага статкамітэту Беларусі, разьмешчанымі на інфармацыйным рэсурсе belstat.gov.by. Падобная недакладная інфармацыя ў артыкуле nn.by дыскрэдытуе выніковасьць дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі», — лічаць у міністэрстве.
Рэдактар «Ежедневника» Сяргей Сацук сказаў карэспандэнту Свабоды, што гэта першае папярэджаньне, якое атрымала рэдакцыя.
«Таму тут ніякіх пагрозаў існаваньню выданьня няма. Але мы крыху зьдзіўленыя, бо заметка была пастаўленая ў студзені. Яны маглі б патэлефанаваць, і мы б замянілі фатаздымак. Дзяжурны журналіст проста палічыў, што гэта нармальны фатаздымак, які дэманструе, што беларуская армія, калі ўзьнікне пагроза, гатовая даваць адпор агрэсарам. Адлюстраваныя на ёй нямецкія танкі ніяк ня тычылася якасьці беларускай арміі. Ну, калі ім не спадабаўся гэты фатаздымак, яны палічылі, што гэта дыскрэдытуе, яны маглі нам патэлефанаваць, і цягам пяці хвілін мы б яго прыбралі. Не, трэба было чакаць два месяцы, столькі фатаздымак вісеў, і нарэшце прыслалі папярэджаньне. Можна было вырашыць пытаньне больш цывілізаваным шляхам».
Шэф-рэдактар «Нашай нівы» Андрэй Дынько сказаў карэспандэнту Свабоды, што Мінінфарму ня варта было даваць папярэджаньне выданьню за меркаваньне чытача:
«Той артыкул быў напісаны нашым чытачом і быў апублікаваны ў рубрыцы „Меркаваньні“. Яго аўтар грунтаваў свае меркаваньні на сваіх ацэнках. А Міністэрства інфармацыі спасылаецца, у сваю чаргу, на афіцыйную дэмаграфічную статыстыку Белстата. Дарэчы, „Наша ніва“ ня раз публікавала гэтую белстатаўскую інфармацыю ў рубрыцы „Грамадзтва“ ў найгалоўных матэрыялах. Гэты артыкул, прычым, быў апублікаваны даўнавата. Я думаю, што ні ў якім разе ня варта было даваць папярэджаньне за артыкул з рубрыкі „Меркаваньне“. Але Міністэрства інфармацыі палічыла гэта патрэбным.
Гэта першае папярэджаньне недзе за пяць гадоў. Часта гэтыя папярэджаньні трэба ўспрымаць як нейкі намёк».