Паліцэйскія праводзяць прафіляктычныя гутаркі з прадстаўнікамі нацыяналістычных рухаў з-за боязі росту ксэнафобскіх настрояў пасьля жорсткага забойства дзіцяці ў Маскве, распавяла «Інтэрфаксу» інфармаваная крыніца.
Прафіляктычныя мерапрыемствы пачаліся «з-за боязі актывізацыі радыкальных нацыяналістычных груповак у сувязі з рэзанансным злачынствам», растлумачыў суразмоўца агенцтва. Гутаркі пачаліся напярэдадні, у першую чаргу паліцыя зацікаўленая ў кантактах зь лідэрамі моладзевых аб’яднаньня.
Напярэдадні відавочцы паведамілі пра жанчыну ў чорным, якая стаяла каля павільёна маскоўскага мэтро «Кастрычніцкае поле» з адрэзанай дзіцячай галавой у руках. Яна крычала «Алах Акбар» і пагражала сябе падарваць. Пасьля затрыманьня выбухоўкі пры ёй ня выявілі. Паліцэйскія паведамілі, што жанчыну клічуць Гюльчэхра Бабакулава, яна — ураджэнка Самаркандзкай вобласьці Узбэкістану і была нянькай забітага дзіцяці каля паўтара гадоў. У фэдэральнай міграцыйнай службе ўдакладнілі, што жанчына працавала нелегальна.
Большая частка фэдэральных каналаў ня асьвятляла рэзананснае забойства. Крыніцы РБК паведамілі, што атрымалі рэкамэндацыі не даваць у эфір гэтай навіны з-за боязі росту нацыяналістычных настрояў. У Крамлі адмаўляюць, што давалі якія-небудзь указаньні тэлеканалам, але падтрымалі гэтае рашэньне.
У сьнежні 2010 году пасьля забойства заўзятара Ягора Сьвірыдава некалькі тысяч чалавек сабраліся на Манэжнай плошчы ў цэнтры Масквы на несанкцыянаваны мітынг. Па розных ацэнках, ля Крамля сабраліся ад пяці да дзесяці тысяч чалавек, у асноўным — футбольныя фанаты і радыкальныя нацыяналісты. На плошчы былі зьбітыя некалькі маладых людзей — ураджэнцаў Паўночнага Каўказу.
Натоўп прарваў кардон міліцыі, пачаліся беспарадкі. У бальніцы былі дастаўленыя 29 пацярпелых. Зь лідэрамі фанацкіх груповак сустрэўся прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімір Пуцін, пазьней ён наведаў магілу Ягора Сьвірыдава і ўсклаў на яе кветкі.
Праваахоўныя органы асьцерагаюцца актывізацыі радыкальных груповак.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1