Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё на пэнсіі без заслужанага адпачынку


Сваёй гісторыяй выжываньня на 2,5 мільёна пэнсіі са Свабодай падзялілася пэнсіянэрка з Воршы Яўгенія Казлова. Такіх «мільянэраў» у Беларусі — мільёны.

Аршанская пэнсіянэрка ў інтэрвію Свабодзе прыгадала, як працавала ў «доме Караткевіча», распавяла, на што траціць сваю пэнсію, налічаную за 35 гадоў стажу на адным працоўным месцы.

29 лютага — той самы дзень, калі 66-гадовая Яўгенія Казлова чарговы раз стала беспрацоўнай. Дакладней, зьмяніла свой статус «працуючая пэнсіянэрка» на «пэнсіянэрка звычайная».

«Ці нармальна гэта, каб да сьмерці падпрацоўваць, абы не сядзець у галечы?»

Спадарыня Яўгенія цяжка дыхае: мучаць падвышаны ціск ды прастуда. Але ня стрымлівае радасьці:

«Усё, кінула яе, гэтую працу! Здароўя няма — сэрца трапечацца, ціск высокі, а тут яшчэ прастудзілася. Няма ніякіх сіл! Напісала заяву пра звальненьне, і ўсё. Ці ж гэта нармальна, каб да сьмерці падпрацоўваць, абы не сядзець у галечы? Ведаю, каму сказаць за гэта дзякуй! І ўсе ведаюць, толькі маўчаць ды трываюць!»

Яўгенія Казлова на пэнсіі ўжо адзінаццаты год. Але «заслужанага адпачынку» яшчэ ня бачыла. Працуе «на ніве камунальнай гігіены». Гэтак яна жартам называе працу прыбіральшчыцы. Калі шукала працы, дык прапаноўвалі прыбіраць у школе. Адмовілася, бо там трэба было працаваць з 8 раніцы да 16 гадзіны. Пайшла прыбіральшчыцай у інтэрнат ільнокамбіната, дзе праца сканчаецца а 13-й. Ці працаваць, ці не — так пытаньне не стаяла ўвогуле: выйшаўшы на пэнсію ў 55, спадарыня Яўгенія амаль адразу адчула, што грошай катастрафічна бракуе:

«Давялося ісьці працаваць, каб паставіць новыя вокны. Пайшла прыбіральшчыцай у ЖКГ, за некалькі гадоў на вокны назьбірала»

«У мяне каапэратыўная двухпакаёўка. Спачатку яе будавалі — плацілі грошы. У 1986 годзе сюды пераехалі. Муж памёр, сыны вырасьлі, я засталася тут адна. Кватэра на першым паверсе, ад падлогі цягне. Адзіны паратунак быў, каб ня дзьмула хоць з вуліцы, паставіць плястыкавыя вокны. Давялося ісці працаваць, каб ня зьмерзнуць у кватэры. На вокны неяк назьбірала грошай, паставіла новыя дзьверы ў залю. За той час згнілі рамы на гаўбцы. Што рабіць? Далей працую — гаўбец адрамантавала. Але цяпер ужо ня тое здароўе, а праца прыбіральшчыцы цяжкая, што ні кажы. Болей не магу! Буду неяк жыць на адну пэнсію, хоць разумею, што гэта надта складана!»

З тае нагоды, што з працай ужо ўсё вырашана, мы ладзім невялікае сьвята — п’ем гарбату і гутарым «за жыцьцё». Ласункаў на стале небагата: сьлівавае сочыва і бліны, сьпечаныя спадарыняй Яўгеніяй. Ды яшчэ трохі крамнага печыва. Зэфір і цукеркі прынесьлі госьці.

«Скончыцца кава — абыдуся. Замест гарбаты можна зёлак назьбіраць»

«Я ніколі не была надта патрабавальная да ежы. Таму скончыцца кава — абыдуся. Замест гарбаты можна зёлак назьбіраць. Лецішча ў мяне няма, таму бульбу і буракі я купляю. Хаджу ў асноўным у „Эўраопт“, у мяне пэнсіянэрская дысконтная картка. Зьніжкі там бываюць. Звычайна з пэнсіі купляю курыныя сьпінкі. Ну, а калі ўжо вельмі захачу — дык і цэлую курыцу. Я адразу яе парэжу на часткі, дык на паўмесяца і хопіць», — апавядае спадарыня Яўгенія, зьбіраючы на стол.

І прапануе выбраць ямчэйшае месца, каб сесьці: або на канапу, або ў фатэль, на якім — дываночак з «Пагоняй». Паводле гаспадыні, «Пагоню» яна ўратавала ад ганьбы: сусед кінуў гэты дыванок пад дзьверы, каб выціраць ногі, а яна ня вытрымала.

«Пазваніла ў дзьверы, кажу: „Як вам ня сорамна, гэта ж наш герб!“. Сусед гаворыць: „Табе трэба — забірай яго, а мне ён непатрэбны“. Некалі ж во купляў або падарылі. І рабілі ж раней такія сувэніры, калі „Пагоню“ шанавалі! Я яго забрала, як змагла, адмыла», — спадарыня Яўгенія папраўляе бел-чырвона-белы дыванок з «Пагоняй» пасярэдзіне.

А на ім ужо ўлеглася котка. Гадаванцаў тут трое. Дзьве коткі, Лола і Мурка, ды кот Марсік.

«Сусед кінуў дыванок з „Пагоняй“ пад дзьверы, каб выціраць ногі. Я яе забрала, як змагла, адмыла»

Выдаткі на гадаванцаў — гэта тое, што ў сьціплым пэнсійным бюджэце нельга скараціць аніякім чынам. Коцікі ж не разумеюць, што гаспадыня вымушана кінуць працу, за якую плацілі дадатковыя да пэнсіі два мільёны. Гэтага не патлумачыш ні хатнім утрыманцам, ні бяздомным, якія чакаюць ад спадарыні Яўгеніі хоць нейкай ежы ў двары, пад гаўбцом. А яшчэ на вуліцы чакаюць птушкі, якіх пэнсіянэрка таксама падкормлівае. Адным словам, як ні круці, а набыць курыныя галовы для катоў — гэта абавязкова. Гэта ў пляны эканоміі не ўваходзіць.

«Хочаце — зазірніце ў маю лядоўню. Курыныя галовы — для катоў, грудка — для мяне, лівэрка — для ўсіх разам»

Спадарыня Яўгенія крыху бянтэжыцца, але адчыняе лядоўню:

«Калі хочаце — дык зазірніце. Курыныя галовы — для катоў, курыная грудка — для мяне, „ліверка“ — для ўсіх разам. Ёсьць яйкі, малако, пачаты пачак маянэзу... Грэчка звараная стаіць. Цяпер пост, дык я магу яе цэлы дзень есьці. Чырвонай ікры няма і ніколі не было. А вось сытнейшыя часы, вядома ж, былі! Пакуль працавала. А цяпер у кожнага пэнсіянэра так — у лядоўні нягуста. Адкуль будзе густа, калі мы дзяржаве ўжо не патрэбныя? Адпрацавалі сваё, і пра нас можна ўжо ня думаць, ці жывыя мы там, ці не!»

«Цяпер у кожнага пэнсіянэра так — у лядоўні нягуста. Адкуль будзе густа, калі мы дзяржаве ўжо не патрэбныя!»

Спадарыня Яўгенія 35 гадоў адпрацавала на адным месцы — у аршанскім цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі. Пайшла на пэнсію з пасады памочніка эпідэміёляга. Гэта адмысловец, які вывучае сытуацыі ў дзіцячых садках, школах, калі здараюцца інфэкцыйныя захворваньні, або праводзіць плянавыя, прафіляктычныя праверкі. Праца лічыцца шкоднай: за яе даплочвалі 25%, бо даводзілася працаваць там, дзе небясьпечныя інфэкцыі.

Спадарыня Яўгенія кажа, што марыла стаць настаўніцай пачатковых клясаў, аднак лёс склаўся інакш:

«Я нарадзілася ў Вільні. Мая маці была кваліфікаваная мэдсястра. А бацька працаваў кіроўцам. І яго пасадзілі ў турму. Быў 1949 год, тады ж і за каласкі саджалі! А бацька ўсяго толькі крыху пабіў машыну. Зусім нязначна! Зь ім разам, дарэчы, ехала маці, мною цяжарная. І нічога — я нарадзілася своечасова, усё нармальна. А бацьку прызналі вінаватым і далі тэрмін. Я нарадзілася, глядзець мяне не было каму, і мы пераехалі ў вёску, у Сеньненскі раён, да маміных сваякоў. Яе сястра глядзела і мяне, і сваё дзіця, а мама ўладкавалася на працу ў шпіталь у Багушэўску. Я падрасла, і маме тым часам там далі кватэру. Яна была маленькая, халодная, я часта хварэла... Калі скончыла школу, то паехала ў Віцебск паступаць у пэдагагічны інстытут. Было 9 з паловай чалавек на месца, і я не паступіла. На наступны год зноў прыехала паступаць у Віцебск, ужо ў мэдвучэльню. Там толькі што адчынілася аддзяленьне санітарыі, гігіены і эпідэміялёгіі, і я набыла спэцыяльнасьць „санітарны фэльчар“. Выйшла замуж і разам з мужам прыехала ў Воршу».

Цікава, што аршанскі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі месьціўся якраз у тым доме, дзе прыйшоў на сьвет Уладзімер Караткевіч: раней там была радзільня. Потым установу, дзе працавала Яўгенія Казлова, перавялі ў новы будынак, а ў былым стварылі музэй пісьменьніка-земляка.

«Працу ў 1990-я я згадваю зь вялікім задавальненьнем»

«Працу ў 1990-я я згадваю зь вялікім задавальненьнем. У нас быў добры калектыў, а наш галоўурач, галоўны санітарны лекар Воршы і Аршанскага раёну Васіль Біч дбаў пра нас, быў ініцыятарам, каб наш цэнтар атрымаў сучасны будынак. Дарэчы, спадар Васіль быў вялікі прыхільнік беларускай мовы, па-беларуску ў нас вялася ўся дакумэнтацыя. Ды толькі ў 2000 годзе нашага галоўурача затрымалі і пасадзілі ў турму за хабар. Была гучная гісторыя, на ўсю Воршу. Многія, і я ў тым ліку, дагэтуль лічаць, што яго падставілі... Пры новым кіраўніку я папрацавала зусім мала, неўзабаве пайшла на пэнсію», — апавядае спадарыня Яўгенія і паказвае фатаздымкі 20-гадовай даўнасьці. Зробленыя яшчэ ў доме, дзе нарадзіўся Караткевіч.

Пэнсія, якую атрымлівае былая работніца цэнтру эпідэміялёгіі і гігіены, складае сёньня 2 мільёны 659 тысяч рублёў. Яўгенія Казлова атрымлівае грошы ў ашчаднай касе. Паказвае апошні квіток: там відаць, што на рахунку засталіся яшчэ «дзьве пэнсіі».

«Няхай будзе хоць невялікі запас, бо дужа ж страшна безь яго. Але нашы грошы штодня абясцэньваюцца»

«Пакуль працавала, старалася ашчаджаць: атрымаю заробак, дык ужо пэнсійныя грошы не чапаю. Бо дужа баюся непрадказальных, незаплянаваных выдаткаў. Вось парваліся боты. Што рабіць? Басанож ня пойдзеш, праўда? Набыла, шукала таньнейшыя, у „Марка“ — аддала паўтара мільёна. Адзеньне дык я нячаста сабе набываю, нашу што ёсьць. Апошняе, што набыла — гэта паліто на кірмашы, гады два таму... Вось дужа баюся, што паламаецца тэлевізар, ён ужо стары, кепска паказвае. Як зламаецца, дык усе грошы за новы і аддасі! Яшчэ трэба замяніць кран у ваннай. Зубы трэба палячыць. Так што няхай лепш будзе хоць невялікі запас, бо дужа страшна безь яго. І так нашы грошы штодня абясцэньваюцца», — разважае спадарыня Яўгенія.

«Бяруць штомесяц за капітальны рамонт 47 тысяч рублёў, ужо колькі гадоў бяруць, а хто яго ў нас бачыў?»

Атрымаўшы пэнсію, яна адразу адкладае грошы на камунальныя выдаткі. У гэтым месяцы заплаціла за кватэру ды яе абслугоўваньне 587 600 рублёў. У мінулым месяцы было 411 800.

«Бяруць штомесяц за капітальны рамонт 47 тысяч рублёў. Ужо колькі гадоў бяруць, а хто яго ў нас бачыў? — абураецца спадарыня Яўгенія. — Яшчэ я спытала, заплаціўшы, чаму так падаражэў тэлефон. А мне кажуць: „Гэта вы сталі болей размаўляць“. Нібыта мне рабіць больш няма чаго, як размаўляць гадзінамі! Грошы цякуць як вада! Ідзеш у краму, дык 100 тысяч узяць мала — можа і не хапіць. Таму бярэш адразу 200, а там глядзіш, як зэканоміць».

Спадарыня Яўгенія кажа, што стараецца здымаць грошы хаця б крышачку пазьней — не адразу, як іх пералічылі. Такім чынам нібыта скарачаецца час да наступнай «палучкі». Цяпер, калі камунальныя выдаткі складаюць больш за пятую частку ейнай пэнсіі, можна лёгка палічыць, што застаецца «на жыцьцё». Падлікі ня цешаць: каля 150–180 тысяч — гэта ежа для катоў, яшчэ 200 тысяч — на лекі, якія трэба прымаць рэгулярна. Калі нічога надзвычайнага ня здарыцца са здароўем, то на прадукты застаецца трошку болей за паўтара мільёна — па 400 тысяч на тыдзень. Не да раскошы: давядзецца думаць, у чым сабе адмовіць дзеля эканоміі. Хоць, здаецца, і так эканомія практычна на ўсім. Чаго асабліва шкада — дык гэта што немагчыма купляць кнігі, кажа пэнсіянэрка:

«Кнігі дужа люблю. Але новыя ў мяне — толькі калі нехта падорыць»

«Кнігі дужа люблю. Але новыя ў мяне зьяўляюцца — толькі калі нехта падорыць. Дасылаюць з Радыё Свабода, вялікі ім дзякуй. А самой нешта купіць — не. Гэта цяпер дорага. І кампутара ў мяне няма. Знаёмыя кажуць — купляй, але нешта я ня ведаю... Во толькі калі ў знаёмых нешта пагляджу ў інтэрнэце, дый усё. Сыны кажуць: „Мама, ты ў кампутары не разьбярэсься!“ А я думаю: „Ужо ж і дурнейшыя за мяне разьбіраюцца!“ Але — не, напэўна, купляць усё ж ня буду. Рэч дарагая!» — кажа пэнсіянэрка.

Яўгенія Казлова лічыць, што яна далёка ня самая бедная ў нашым грамадзтве. Прынамсі, заўсёды можа разьлічваць на дапамогу сыноў. Аднак пакуль што прынцыпова адмаўляецца браць у іх грошы:

«У мяне два сыны і два ўнукі. Старэйшаму ўнуку ўжо 22 гады, можа, жаніцца ўжо будзе. А малодшаму сын нядаўна кватэру збудаваў, яшчэ крэдыт выплочвае. Ну як я магу ў дзяцей браць грошы? Яны спрабавалі даваць, але я адмовілася! Не, не і не! З сыноў цягнуць грошы ня буду, прасіць ня буду. Хоць ведаю: з голаду яны мне памерці не дадуць, што б у мяне ні здарылася! Ці ж гэта нармальна — усё жыцьцё я працавала, а сабе на старасьць не зарабіла? Ну, не зарабіла мільёнаў, дык буду жыць як змагу. Ведаеце, маё жыцьцё яшчэ добрае: ёсьць такія маці, якія дзяцей-алкашоў утрымліваюць. І сыны іх яшчэ й зьбіваюць, грошы патрабуючы! Вось дзе бяда! Або працы дзецям няма, а жыць неяк трэба. Так і жывуць за матчыну пэнсію. А тая грошы дзецям аддасьць і сама сядзіць галодная. Такое жыцьцё — нашмат горшае за маё. А я ўжо неяк пражыву на свае два з паловай мільёны!»

«Хачу выдаць кніжку»

Ёсьць у спадарыні Яўгеніі мара, якая пацягне за сабой хоць і заплянаваныя, але вялікія выдаткі. Гэта мара выдаць зборнік сваіх вершаў. Ужо трэці. Яўгенія Казлова — сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, дваццаць яе вершаў пакладзеныя на музыку і сталі песьнямі, іх сьпяваюць мясцовыя выканаўцы.

«Хачу выдаць кніжку. Хто ведае, колькі мне жыць засталося? Хачу, каб быў зборнік. Ён ужо гатовы, сабраны. Цяпер зьбіраю грошы і думаю, куды зьвярнуцца, каб надрукаваць», — кажа Яўгенія Казлова.

У цяперашнім статусе «беспрацоўнай пэнсіянэркі» яе цешыць толькі адно: болей часу застанецца на паэзію. І на ўспаміны, якім спадарыня Яўгенія дагэтуль дужа волі не давала. Бо яны ня радуюць: жыцьцё было нялёгкае, і ўсё здавалася, што наперадзе чакае нешта лепшае. Прайшлі дзясяткі гадоў, а палёгкі няма, як не было. І тое, што ейны выпадак не адзінкавы, а тыповы, Яўгенію Казлову засмучае яшчэ больш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG