Палітра значэньняў лацінскага слова ratiō вельмі шырокая: доказ, правіла; разьлік; мысьленьне; розум; тэорыя і сыстэма. Усё, як бачыце, рацыянальнае.
Лацінізм ratio ёсьць шмат у якіх эўрапейскіх мовах, у тым ліку ў беларускай. У нас гэта адзін з многіх даўнейшых лацінізмаў, слова разам з акулярамі, сэнсам і лямантам прыйшло ў нашую мову, калі лаціну, як цяпер ангельскую, выввучаў кожны шкаляр, а Беларусь была неад'емнаю часткаю агульнаэўрапейскай культурнай прасторы. У старабеларускай мове, на якой і пісалі юрыдычныя кодэксы, і гаварылі ў дзяржаўных органах, і вялі навуковыя дыскусіі, бяз слова рацыя было не абысьціся.