У Польшчы прайшлі масавыя акцыі «Камітэту ў абарону дэмакратыі», мэта якіх — абараніць добрае імя Леха Валэнсы. Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, каля 40 тысяч чалавек прайшлі галоўнымі вуліцамі Варшавы, скандуючы «Мы — народ!» — менавіта з гэтых словаў Лех Валэнса пачаў свой зварот да кангрэса ЗША ў 1989 годзе.
«Мы прыехалі, каб абараніць польскую гісторыю і легенду, польскую „Салідарнасьць“. Усё пачалося ў Польшчы — сымбалічны здымак Леха Валэнсы на варотах гданьскай суднавэрфі ў жніўні 1980 году — з гэтага моманту пачалося падзеньне камуністычнай сыстэмы», — заявіў лідэр апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа» Гжэгаж Схетына.
Дэманстранты несьлі партрэты Леха Валэнсы і транспаранты з надпісамі «Валэнса — супергерой», «Мы салідарныя зь Лехам», «Без Валэнсы не было б свабоды».
Былы прэзыдэнт і нобэлеўскі ляўрэат, які ўчора вярнуўся ў Польшчу пасьля працяглай адсутнасьці, накіраваў удзельнікам дэманстрацыі зварот, у якім у чарговы раз падкрэсьліў, што ніколі не згаджаўся на супрацоўніцтва з камуністычнай службай бясьпекі і не прынёс нікому шкоды.
Зусім нядаўна ў доме нябожчыка генэрала часоў ПНР Чэслава Кішчака былі знойдзеныя дакумэнты, якія пацьвярджаюць згоду Леха Валэнсы на супрацоўніцтва са службамі ПНР у 1970-1976 гадах, падпісаныя ім. Арыгінальнасьць подпісаў Валэнсы пакуль не пацьверджана.
Тым ня менш, апублікаваныя дакумэнты падзялілі палякаў на два лягеры — адны сьцьвярджаюць, што Лех Валэнса — здраднік, які кінуў цень на легенду «Салідарнасьці», іншыя лічаць, што што важная перадусім дзейнасьць Валэнсы ў 80-я, калі ён быў нязломным лідэрам прафсаюзу і правёў у краіне трансфармацыю мірным шляхам.