Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэта «Взгляд»: набліжаецца бітва за беларускую частку «русского мира»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расейская дзелавая газэта «Взгляд» апублікавала артыкул «Праз тры гады надышла чарга Беларусі», у якім заклікае Аляксандра Лукашэнку вызначыцца з кім ён: з Расеяй ці з Эўропай.

Аўтар артыкула Эдуард Біраў адзначае, што ва ўмовах зьняцьця эўрапейскіх санкцыяў з афіцыйнага Менску сытуацыя зь Беларусьсю ўсё больш нагадвае сытуацыю з Украінай пачатку 2013 году, калі Віктару Януковічу трэба было вызначацца з кім ён — з Расеяй ці з Захадам.

Між тым, піша газэта «Взгляд», Лукашэнка працягвае весьці палітыку «падкрэсьлена адрозную ад расейскай». Выданьне абвінавачвае Лукашэнку ў тым, што ён не прызнаў далучэньне Крыму, кепска ставіцца да баевікоў «ДНР» і «ЛНР», «адмаўчаўся» ў канфлікце паміж Расеяй і Турэччынай, ня далучыўся да санкцыйнай вайны з Захадам і не пагадзіўся стварыць расейскую авіябазу на тэрыторыі Беларусі.

«Лукашэнка і афіцыйная Беларусь, жорстка перарываючы дзеяньні ў сябе майданаўскіх і нацыяналістычных групаў, тым ня менш падтрымліваюць і разьвіваюць нейкую асаблівую, адрозную ад расейцаў этнічную ідэнтычнасьць і тым самым ускосна садзейнічаюць таму, што сярод маладых беларусаў усё мацней распаўсюджваюцца міты пра беларусаў як эўрапейцаў-літвінаў, якія супрацьстаялі экспансіі «маскоўскай азіяцкай арды», — піша выданьне.

У гэтых умовах, адзначаецца ў артыкуле, Захад вырашыў зьмяніць сваю тактыку ў дачыненьні да Беларусі: цяпер стаўка робіцца не на зьвяржэньне Лукашэнкі, а на яго подкуп і сварку з Масквой.

У артыкуле канстатуецца, што адрозьненьняў паміж Беларусьсю і Украінай шмат: «Менск куды шчыльней прывязаны да Масквы, чым Кіеў, местачковы нацыяналізм беларусаў не такі запушчаны, а русафобіі практычна няма». Аднак праблема выбару ўсё роўна існуе, падкрэсьлівае выданьне.

«Эпоха віртуознага сядзеньня на двух крэслах па прынцыпе „і нашым і вашым“ прайшла, і адседзецца ў маленькай эўрапейскай кватэрцы ва ўмовах глябальнага міжнароднага абвастрэньня не атрымаецца», — піша аўтар артыкула Эдуард Біраў.

Аднак пакуль што, працягвае выданьне, афіцыйны Менск адмаўляецца ісьці на поўнае збліжэньне з Расеяй, баючыся паступіцца сваімі амбіцыямі і «псэўданацыянальнай ганарыстасьцю».

«Ня хочацца выступаць у ролі чалавека, што дзьме на ваду (Беларусь), абпаліўшыся на малацэ (Украіне), але многія прыкметы паказваюць на набліжэньне бітвы за беларускую частку „русского мира“. Застацца ў баку ад глябальных працэсаў Беларусі ня ўдасца. Рэспубліцы пара нарэшце вызначыцца, хто яна: частка Вялікай Расеі ці эўрапейская кватэрка літвінаў?», — падкрэсьлівае Эдуард Біраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG