Украінскі інфармацыйны партал unian.net цытуе ў гэтай сувязі міністра сацыяльнай палітыкі Паўла Разенку: «У выкананьне Ўказу прэзыдэнта мы прызначылі пажыцьцёвую стыпэндыю бацькам Героя Нябеснай Сотні Міхаіла Жызьнеўскага, грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які аддаў сваё жыцьцё за будучыню Ўкраіны».
Міністар паведаміў таксама: «Памер пажыцьцёвай стыпэндыі бацькам Героя — Міхаілу Пятровічу і Ніне Васільеўне, якія жывуць у Беларусі, складзе 3250 грн кожнаму».
У ведамстве дадаюць, што перасылаць стыпэндыю ў Гомель будзе Дэпартамэнт сацыяльнай абароны насельніцтва Чарнігаўскай аблдзяржадміністрацыі паштовым пераводам праз «Укрпошту» па месцы фактычнага пражываньня бацькоў Жызьнеўскага. Выдаткі на выплату й дастаўку пажыцьцёвай стыпэндыі будуць фінансавацца са сродкаў дзяржбюджэту па праграме «Дзяржаўныя пажыцьцёвыя стыпэндыі».
«Дзякуй, канечне, украінскім уладам за падтрымку. Стыпэндыя за сына пойдзе нам на лекі, бо яны ж вельмі дорага каштуюць. Мы й цяпер хварэем — у мяне тэмпэратура сёньня амаль 39 градусаў. Спадзяёмся, што неўзабаве зьявіцца заканадаўчая магчымасьць прысвоіць сыну званьне Героя Ўкраіны — як і ўсім іншым загінулым абаронцам Майдану. Гэта найлепш дапаможа засьцерагчы магілу Мішы ад вандалаў, якія псавалі ўжо надмагільны помнік», — кажа Ніна Жызьнеўская.
Ніна Васільеўна паведаміла, што ўкраінская стыпэндыя за сына прыкладна такая ж, як і яе беларуская пэнсія: «2 мільёны 390 тысяч рублёў — такі памер дзяржаўнай дапамогі мне за 38 гадоў працоўнага стажу». Жызьнеўская ў свой час сямнаццаць гадоў працавала рабочай на Гомельскім заводзе сантэхзагатовак, а пазьней, калі нарадзіліся Міша й Наташа, пайшла працаваць у жыльлёва-камунальную гаспадарку прыбіральшчыцай.
Міхаіл Пятровіч атрымлівае больш як за сорак гадоў стажу 3 мільёны 5 тысяч рублёў пэнсіі. Ён доўгі час працаваў у Карэліі, а калі вярнуўся ў Гомель, то больш як дваццаць гадоў рабіў сьлесарам-сантэхнікам на заводзе «Крышталь» і ў гарадзкім цэнтры аздараўленьня. На пэнсію выйшаў толькі ў мінулым лістападзе.
«Патлумачылі, што пэнсіянэраў будуць скарачаць. Ну, я й падаў заяву, бо мне ў верасьні споўнілася ўжо семдзесят гадоў», — апавёў бацька Героя Нябеснай Сотні.
Міхась Жызнеўскі-малодшы загінуў ад кулі 22 студзеня 2014 году на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве падчас рэвалюцыі Годнасьці й Справядлівасьці. Да свайго 26-годзьдзя ён не дажыў чатыры дні.