Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская эканоміка: вытворчасьць на варштатах 1912 году


Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Сяргей Навумчык

Карбалевіч: Мінулым годам валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Беларусі скараціўся амаль на 4%. Здавалася, крызіс дасягнуў дна і далей падаць няма куды. Але высьвятляецца, што падзеньне працягваецца. У студзені, у параўнаньні з студзенем летась ВУП скараціўся яшчэ на 4,3%. Прычым, прамысловасьць упала амаль на 7%. У значнай ступені такія дрэнныя паказчыкі абумоўлены падзеньнем цэнаў на нафту і нафтапрадукты. Год таму нафта каштавала ў два разы даражэй.

Але мяне яшчэ больш уразіў іншы паказчык. Інвэстыцыі ў асноўны капітал скараціліся на 19,3%, прычым, затраты на набыцьцё машын і абсталяваньня зьменшыліся на 33%. На трэць. Вось я знайшоў такую статыстыку. За восем месяцаў летась імпарт зь Нямеччыны скараціўся на 64%. А гэта ў асноўным машыны і абсталяваньне. Як вядома, без інвэстыцый эканамічнае разьвіцьцё немагчымае. Бурлівы рост кітайскай эканомікі эканамісты тлумачаць, акрамя ўсіх іншых чыньнікаў, яшчэ і тым, што інвэстыцыі шмат апераджалі рост валавых паказчыкаў, там вялікія ашчаджэньні, накапленьні. Інвэстыцыі — гэта ўкладаньне ў пэрспэктыву. У Беларусі ўсё наадварот, інвэстыцыі падаюць значна хутчэй, чым цяперашнія валавыя паказчыкі. Гэта значыць, што пэрспэктывы ў беларускай эканомікі вельмі змрочныя. Пра будучыню ніхто ня думае. Урад працуе паводле прынцыпу: толькі б дзень прастаяць ды ноч пратрымацца.

Мінулымі гадамі драйвэрам росту было жыльлёвае будаўніцтва. Гэта быў выгадны бізнэс. Тут і замежныя кампаніі таўпіліся, і заробкі ў будаўнікоў былі высокія. Дык вось у студзені, у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году будаўніцтва жытла скарацілася больш чым на чвэрць — на 26%.

Міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі, выступаючы на калегіі свайго ведамства, адзначыў, што каб пачаўся рост, эканоміка павінна мяняцца. Але Лукашэнка паўтарае рэфрэнам, што рэформы непатрэбныя. А ў межах існай мадэлі разьвіцьцё эканомікі немагчымае. Гэта тупік.

Глод: Калі адказваць адным сказам, чаму беларуская эканоміка працягвае падаць — няма структурных рэформаў. Урад гэта фактычна прызнаў. Аднак кіруе ўсім Лукашэнка. А ён не дазваляе рэформаў, хоць экспэрты ўжо настойліва кажуць аб неабходнасьці павысіць эфэктыўнасьць кіраваньня дзяржпрадпрыемствамі, ліквідаваць практыку перакрыжаванага субсыдзіраваньня, правесьці пэнсійную рэформу, стымуляваць разьвіцьцё малога і сярэдняга бізнэсу. Хоць досьвед большасьці эўрапейскіх краін паказвае, што лякаматывам эканамічнага росту выступаюць менавіта малы і сярэдні бізнэс, і рэформы патрэбныя, каб гэты сэктар стаў актыўна разьвівацца.

Такія падыходы прадугледжваюць структурную перабудову эканомікі, асабліва прамысловых гігантаў, якія застаюцца заводамі з вялікімі выдаткамі.

І тут узьнікае пытаньне: а чаму Лукашэнка супраць рынкавых рэформаў? Міхаіл Чыгір — першы прэм’ер пры прэзыдэнцтве Лукашэнкі неяк распавёў такую гісторыю. На самым пачатку Лукашэнка сабраў усё найбліжэйшае атачэньне і спытаў: а хто з вас можа мне вельмі коратка патлумачыць, што такое рынкавая эканоміка? Ніхто ня ўзяўся патлумачыць такую складаную тэму «вельмі коратка». І Лукашэнка сказаў: вось бачыце, ніхто ня ведае, што гэта такое. Таму будзем будаваць тое, што мы ведаем.

А што ведае Лукашэнка? Ну зразумела ж, савецкую эканоміку. Вось адкуль усе карані. Мне падаецца, Лукашэнка вельмі баіцца паказаць, што ён нечага ня ведае. А ў рынкавай эканоміцы без сур’ёзнай падрыхтоўкі сапраўды вельмі проста заблытацца. Таму куды прасьцей заставацца ў звыклай эканоміцы савецкіх часоў, што цягнецца і да сёньня.

Навумчык: Думаю, што Лукашэнка схлусіў наконт таго, што ён ня ведае, што такое рынкавая эканоміка. За 4 і нават больш гадоў працы ў Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня ён мінімальна выслухоўваў абмеркаваньне нашых, Апазыцыі БНФ, эканамічных законапраектаў, у тым ліку аб зямлі. Проста як пасіўны слухач ён мог даведацца пра гэта. Але сапраўды яму рынкавыя рэформы невыгодныя, бо яны ў выніку прывядуць да зьменаў у палітыцы.

Уражвае падзеньне інвэстыцыяў у асноўны капітал. Наколькі я разумею, проста перастае закупляцца абсталяваньне. Напрыканцы 80-х гадоў я быў на адным са станкабудаўнічых заводаў Віцебску. Намесьнік дырэктара паказаў мне ўнікальны варштат выпуску 1912 году, які атрымалі па рэстытуцыі пасьля Другой сусьветнай вайны зь Нямеччыны. Унікальны ён быў не таму, што быў стары, а таму, што ён быў самы надзейны. Дык вось пытаньне, ці не застаўся гэты варштат і цяпер у Віцебску працаваць?

Бяздарна былі праедзеныя тыя нафтавыя грошы, што меў Лукашэнка за кошт транзыту. Я не прыхільнік тэорыі, што Расея цалкам утрымлівае эканоміку Беларусі. Расея якраз шмат атрымлівае зь Беларусі з вайскова-стратэгічных прычынаў. Але гэтыя «нафтавыя» грошы, вядома, можна было б пусьціць на рэструктурызацыю прамысловасьці, зрабіць падушку бясьпекі, каб гэтае падзеньне коштаў на нафту было не такім адчувальным. Ніякія падобныя захады не былі зробленыя, і таму крызіс можа быць больш страшным, чым ён бачыцца цяпер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG