Былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса ў чарговы раз заявіў, што не супрацоўнічаў са службай бясьпекі ПНР, аднак прызнаў, што «зьдзейсьніў пэўную памылку». Былы лідэр «Салідарнасьці», які знаходзіцца цяпер у Вэнэсуэле, напісаў на партале, дзе вядзе свой блог, наступнае:
«Мяне не зламалі ў сьнежні 1970-га, я не супрацоўнічаў са службай бясьпекі, ніколі ня браў грошай, ні вусна, ні пісьмова не даносіў. Я зрабіў памылку, але не такую. Я даў слова, што пра гэта не распавяду — яшчэ не цяпер, не цяпер. Хіба што абнародуюць іншыя. Яшчэ жывы чалавек — выканаўца, які павінен расказаць праўду, і я на гэта разьлічваю.
У мяне было мяккае сэрца. Падчас інтэрнаваньня (пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча ў Польшчы ў 1981 годзе. — РС) напісалі, што я выпіў шмат алькаголю (Валэнсу ўтрымлівалі ў даволі камфортных умовах. — РС). Праўда такая, што я ня выпіў ніводнай бутэлькі гарэлкі ці піва, але некалькі бутэлек шампанскага і віна. Алькаголь бралі іншыя, але не для мяне. Я ведаў пра гэта, але гэта было не для мяне. Тое ж самае тычыцца супрацоўніцтва, грошай і даносаў. Я нічога агульнага з гэтым ня маю. Я стрымліваю слова, дадзенае нават праціўнікам. Калі гэты выканаўца не раскажа праўду, то будуць праблемы, але я ўсё ж веру, што ён гэта зробіць. Веру, што праўда сама сябе абароніць.
Падчас шматлікіх ператрусаў, якія я перажыў, знаходзілі розныя запісы, зробленыя маёй рукой. На прадпрыемствах, дзе я працаваў, у інстанцыях, нават з суду, дзе была барацьба супраць незаконных звальненьняў з працы, таксама ўсе, маёй рукой напісанае, забралі. Падчас аднаго з вобыскаў знайшлі таксама маё асабістае апісаньне падзей сьнежня 1970 году (там былі прозьвішчы і апісаньне паводзін людзей). Гэтыя матэрыялы можна выдаць за даносы. Таму, калі знойдзеныя нейкія няясныя дакумэнты, трэба іх старанна і прафэсійна праверыць.
Яшчэ раз заяўляю публічна, што ніколі не было маёй згоды на супрацоўніцтва са службай бясьпекі ў сэнсе даносаў або падтрымкі камунізму. Я не дазволіў сябе зламаць і ня браў грошай».
Напярэдадні паведамлялася, што ў Польшчы выяўлены дакумэнт — згода на супрацоўніцтва са спэцслужбамі ПНР, падпісаная асабіста Лехам Валэнсам. Сапраўднасьць дакумэнта пацьверджаная.
Былы прэзыдэнт Польшчы лічыць, што знойдзеныя дакумэнты аб яго нібыта супрацоўніцтве з камуністычнымі спэцслужбамі «трэба старанна праверыць».
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1