Днямі на мастацкай выставе бачыў новага літоўскага консула па культуры, кабету. І вельмі яна мне нагадала маю школьную настаўніцу літоўскай мовы. Валасы чорныя, густыя, мноства кудзераў, напэўна на бігудзях накручаны. І твар падобны. Толькі настаўніца была крыху ніжэйшай і менш упэўненай у сабе. У нас іх былі дзьве. Адна высокая, насатая, з гучным голасам, імя паступова забылася. А гэтая мне запомнілася. Звалі яе Гражына Мар’янаўна. Мне заўсёды здавалася, імя паходзіць ад слова «прыгожая», а цяпер гляджу: у розных формах «гражыну», «гражынай» азначае «вяртаць».
Літоўская мова для мяне была не на першым месцы, займаўся сяк-так. І якім было для мяне адкрыцьцём, што яна мне ў атэстат паставіла «выдатна». Нядаўна зазірнуў і быў вельмі зьдзіўлены, расцаніў сёньня гэта як знак прыхільнасьці. Дзякуй Гражыне Мар’янаўне.
Мне давялося аднойчы рабіць збольшага экспромтам інтэрвію зь цяперашнім літоўскім амбасадарам. Навокал ходзяць людзі, гамана, часу зусім мала. І важнага для сябе пытаньня я не пасьпеў задаць. Я сфармуляваў яго так: чаму ў літоўцаў атрымліваецца? Ну, і чаго не хапае беларусам, каб у іх атрымлівалася?
Не пасьпеў. Але я раздумваў над сваім пытаньнем. І ў мяне склаўся больш-менш такі адказ. Свая рэспубліка для нас не самацэнная зьява. Каб пабудаваць Беларусь як сапраўдную краіну, неабходна элемэнтарнае — ідэя. Безь яе нічога ня будзе. Зразумела, патрэбна нацыянальная ідэя пабудовы. У літоўцаў яна была, яны яе заўсёды мелі ў сэрцы і ў галаве, у самыя неспрыяльныя часы.
У беларусаў па-іншаму склаўся лёс. Але беларуская ідэя нарэшце атрымала паветра: сяк-так, але пачала стварацца дзяржава Беларусь. Менавіта як ідэя. Што было далей — вядома. Людзі ўчорашняга дня ўтапталі яе ў гразь. Яны сказалі, што рэспубліку яны будуць будаваць далей без ідэі. Узяўшы з гістарычных могілак, дзе ляжаў СССР, яго частку, БССР зь сімваламі і зьместам — пагардай да ўсяго беларускага.
Кожны напаўняе сваю ідэю патрэбным яму зьместам. Начальства напоўніла ідэю РБ зьместам СССР: чалавек не адчувае сябе поўнасьцю свабодным, чалавек нічога не азначае, чалавек — гэта вінцік мэханізму, якім кіруе начальства. У беларусаў нічога толкам не атрымаецца, таму што будуюць сваю дзяржаўнасьць не на нацыянальных падмурках, для іх камуністычныя — за першы гатунак. У аснову пакладзеная небеларуская ідэя, са звалкі гісторыі. Таму нам ня стаць свабоднымі.
Пастаў побач літоўцаў і беларусаў. У чым адрознасьць? Беларусы нядружныя, зайздросныя, няўдзячныя. Народ, які ня любіць сябе. Які заўсёды баіцца. Свайго начальства, па-сапраўднаму, рускіх (у душы), і — крывадушна — Амэрыкі. Не жыве, ня дыхае свабодна, а толькі робіць выгляд. Не жыве як народ менавіта, як адметныя людзі.
Ну, а зь Літвой складаныя адносіны нават у мяне асабіста. Аднойчы мае пачуцьці адбіліся ў гэтых радках:
Дзень незалежнасьці
Літвы. Нядзеля.
Дождж зранку лье,
што люты, што зіма?
Сьнег змыты з вуліц,
горад мокры
і няўтульны.
Ня мелі у Літве сваіх вушэй,
спазьніліся, зрабіўшы
безнадзейнай справу
абвяшчэньня БНР
няхай сабе
ў «этнаграфічных
межах», Тарыбай
былі ўключаны яны
ў свае абшары.
І Горадня ўключана
была, і Беласток,
і нават Гайнаўка
ў далёкай пушчы.
Хто першы прамаўляе,
той мае рацыю.
Літва, абцятая няхай,
свой утрымала сьцяг,
а БНР было наканавана
стаць прывідам.
Літва — жыцьця твайго
кавалак. І сантымэнт.
Але ня буду адзначаць
літоўцаў сьвята, вясна
зімой — ня лепшы час,
штось хісткае, падступнае.
Для нас, для беларусаў.