Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выпадковыя сьмерці расейскіх спартовых функцыянэраў, датычных да допінгавага скандалу?


У Расеі дачасна сыходзяць з жыцьця спартовыя функцыянэры, датычныя да беспрэцэдэнтнага скандалу з ужываньнем допінгу расейскімі лёгкаатлетамі.

Стала вядома, што 14 лютага ва ўзросьце 50 гадоў памёр былы выканаўчы дырэктар Расейскага антыдопінгавага агенцтва Мікіта Камаеў. На пачатку лютага ня стала старшыні выканаўчай рады гэтай жа арганізацыі і яе колішняга кіраўніка Вячаслава Сінёва.

Камаеў займаў пасаду выканаўчага дырэктара ад 2011 году, Сінёў узначаліў агенцтва ад моманту яго заснаваньня і да 2010 году, але застаўся ў радзе. Абодва сышлі ў адстаўку пры канцы мінулага году на тле прэтэнзіяў з боку міжнародных спартовых структураў на адрас дзяржаўных ведамстваў Расеі, якія пакрывалі ўжываньне забароненых прэпаратаў.

Летась у сярэдзіне лістапада Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацыяў спыніла на нявызначаны тэрмін сяброўства Ўсерасейскай асацыяцыі лёгкай атлетыкі праз скандал з ужываньнем допінгу. Расейскія лёгкаатлеты наўрад ці змогуць узяць удзел у Алімпійскіх гульнях 2016 году ў Бразыліі, як і ў іншых спаборніцтвах пад эгідаю гэтай міжнароднай арганізацыі. Гэта першы выпадак у гісторыі, калі праз допінг ад спаборніцтваў адхіляюць цэлую нацыянальную фэдэрацыю.

У Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі, 2009 год, ілюстрацыйнае фота
У Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі, 2009 год, ілюстрацыйнае фота

Рашэньне было ўхвалена пасьля таго, як камісія Ўсясьветнага антыдопінгавага агенцтва апублікавала вынікі расьсьледаваньня, якое выявіла, што расейскія лёгкаатлетычныя і антыдопінгавыя органы спрыялі «напампоўваньню» спартоўцаў забароненымі допінгавымі прэпаратамі і пакрывалі такое ўжываньне. Агенцтва тады заклікала дыскваліфікаваць за гэта расейскую лёгкаатлетычную асацыяцыю, на гэтай жа хвалі адбылася кадравая ратацыя і ў Расейскім антыдопінгавым агенцтве.

Пра сьмерць Мікіты Камаева паведаміў у сацыяльных сетках былы генэральны дырэктар антыдопінгавага агенцтва Раміл Хабрыеў, які ў сьнежні 2015-га таксама сышоў у адстаўку пасьля таго, як расейскія спартоўцы былі абвінавачаныя ў масавым ужываньні допінгу. Хабрыеў удакладніў, што калегу стала кепска пасьля лыжнай прагулкі, прычынай быў названы інфаркт. Хоць да гэтага, па яго словах, на сэрца Камаеў ніколі ня скардзіўся.

Некаторыя расейскія аналітыкі ўжо праводзяць паралелі з шэрагам загадкавых сьмерцяў сярод расейскага афіцэрства неўзабаве пасьля «вызваленчых місіяў» у Крыме і «Наваросіі». Цягам мінулага і пазамінулага гадоў дачасна пайшлі з жыцьця некаторыя ўдзельнікі «апэрацыі» на Данбасе, якія маглі сьведчыць, што атрымалі загад усталёўваць расейскія парадкі на ўсходзе Ўкраіны — акурат тое, што афіцыйная Масква адмаўляе дагэтуль.

Ці маглі быць непажаданымі носьбітамі дзяржаўных таямніцаў спартовыя функцыянэры высокага ўзроўню?

Аглядальнік спартовай газэты «Прессбол», аўтар публікацыяў на тэмы злоўжываньня допінгам у вялікім спорце Барыс Тасман перакананы: у Расеі сумнеўная сыстэма падрыхтоўкі атлетаў даўно сфармаваная і ахоплівае ўвесь ланцужок — ад рэгіёну да нацыянальнай зборнай. Таму канкрэтныя прозьвішчы асаблівага значэньня ня маюць:

Барыс Тасман
Барыс Тасман

«Тое, што ў Расеі ўсё гэта буяе, — не выклікае сумневу. Як пустазельле па ўзбочынах дарог. То бок як у іх узбочыны дарог „агароджаныя“ пустазельлем, дакладна так і спорт, усё адзін да аднаго. Там гэта вытруціць амаль немагчыма. У сытуацыі, якая склалася з дыскваліфікацыяй Фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Расеі, асабіста я ня ведаю, як яны зь ёй зьбіраюцца разьвязацца. Трэба выбіраць новых людзей — а дзе іх узяць?

Уся сыстэма так збудаваная, што ад нізу да верху яна карумпаваная — праплаты, прэпараты. Ты ўжываеш допінг — я цябе прыкрываю. А каб я цябе прыкрыў — ты мне плаціш. Можа, занадта груба, але прыкладна так працуе ўся схема. І нават калі паспрабавалі гэта пагасіць на вышэйшым узроўні — унутры Расеі — аказалася, што яны нічога ня могуць зрабіць. З 90 рэгіёнаў прыяжджаюць спартоўцы на чэмпіянат Расеі — і ўжо ўсе „нафаршыраваныя“. Што зь імі рабіць, гавары — не гавары, бяз сэнсу. Ім трэба прыехаць на першынства краіны, выйграць яго, каб адабрацца ў асноўную каманду, трапіць на зборы, атрымаць экіпіроўку, дывідэнды. То бок галоўнае — усунуцца туды любой цаной. А потым пачынаюць гарэць на допінгавым кантролі. Кашмарная сыстэма, жахлівая...»

Тыдзень таму Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных фэдэрацыяў (ІААФ) зьмясьціла на афіцыйным сайце сьпіс расейскіх спартоўцаў, якім забаронена выступаць на міжнародных спаборніцтвах на пэрыяд, пакуль Усерасейская фэдэрацыя лёгкай атлетыкі застаецца дыскваліфікаванаю.

Агулам у пераліку 4027 лёгкаатлетаў, уключна зь лідэрамі зборнай Расеі — Аленай Ісінбаевай, Кацярынай Коневай, Дар’яй Клішынай, Ганнай Чычаравай, Сяргеем Шубянковым ды іншымі. Акрамя таго, у чорным сьпісе ІААФ — непасрэдныя фігуранты допінгавых скандалаў: Валеры Борчын, Сяргей Кірдзяпкін, Вольга Каніськіна, Сяргей Бакулін, Уладзімер Канайкін, Лілія Шобухава, Яўгенія Золатава ды іншыя.

Як удакладняе ІААФ, сьпіс расейскіх атлетаў, якім забаронена ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад эгідай арганізацыі, складзены на падставе дадзеных Усясьветнага антыдопінгавага агенцтва. Таксама адзначаецца, што цяперашняя вэрсія не канчатковая і можа карэктавацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG