Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз, як чакаецца, адменіць санкцыі супраць Беларусі. Пакіне эмбарга


У Эўрапейскім Саюзе заявілі, што і пасьля адмены санкцый ЭЗ працягне ўважліва сачыць за выкананьнем правоў чалавека ў Беларусі.

Эўрапейскі Саюз у панядзелак, як чакаецца, адменіць санкцыі супраць Беларусі ў адказ на «прагрэс, дасягнуты беларускімі ўладамі ў галіне правоў чалавека». Пра гэта паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы AFP і DPA са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы ў ЭЗ.

Гаворка ідзе пра візавыя і фінансавыя абмежаваньні ў дачыненьні да 170 грамадзян Беларусі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, і трох юрыдычных асоб. Гэтыя санкцыі былі ўведзеныя ў 2012 годзе ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека ў краіне. У кастрычніку летась Эўразьвяз на чатыры месяцы (да 29 лютага 2016 году) часова прыпыніў дзеяньне гэтых санкцый. Як чакаецца, міністры замежных спраў у панядзелак прымуць рашэньне аб іх адмене на пастаяннай аснове.

Разам з тым у дачыненьні да Менску ў сіле застануцца эмбарга на пастаўку зброі, а таксама абмежавальныя меры супраць беларускіх грамадзян, якія маюць дачыненьне да выкраданьняў апанэнтаў рэжыму 15 гадоў таму.

Праваабаронцы адзначаюць, што нягледзячы на некаторае паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у краіне яшчэ існуюць сур’ёзныя праблемы з дэмакратыяй, у тым ліку дзейнічае сьмяротнае пакараньне. Прадстаўнік Эўразьвязу на ўмовах ананімнасьці паведаміў заходнім інфармацыйным агенцтвам, што і пасьля адмены санкцый ЭЗ працягне ўважліва сачыць за выкананьнем правоў чалавека ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG