Спэцыяльны дакладчык ААН па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці заявіў, што беларускія ўлады не спынілі сыстэматычны перасьлед грамадзянскай супольнасьці.
Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
На працягу апошніх чатырох месяцаў у Беларусі не адбылося аніякіх зьменаў, накіраваных на зьмену рэпрэсіўных законаў і практыкі.
«На працягу апошніх чатырох месяцаў у Беларусі не адбылося аніякіх зьменаў, накіраваных на зьмену рэпрэсіўных законаў і практыкі, у той час як зьявіліся шматлікія выпадкі новых парушэньняў асноўных правоў», — сказаў Харасьці ў апублікаванай сайтам заяве.
У ёй праваабаронца нагадвае, што прэзыдэнцкія выбары, якія прайшлі ў кастрычніку, як і ўсе папярэднія, не адпавядалі дэмакратычным стандартам.
«На жаль, змрочны стан правоў чалавека ў краіне застаецца нязьменным», — падкрэсьліў спэцдакладчык ААН.
Улады не спынілі сыстэматычны перасьлед грамадзянскай супольнасьці, а таксама не прадэманстравалі «аніякага жаданьня рэфармаваць закаранелую і надзвычай дэспатычную прававую сыстэму».
Харасьці ўзгадаў пра турэмнае зьняволеньне актывіста Міхаіла Жамчужнага, а таксама ня спыненую крымінальную справу супраць Алеся Міхалевіча. Застаецца ў сіле забарона на ўезд у краіну ў дачыненьні да праваабаронцы Алены Танкачовай.
Спыненьне ўсіх гэтых формаў адвольнага перасьледу патрабуе ўсяго толькі палітычнай волі ў гэтай высока цэнтралізаванай сыстэме.
«Спыненьне ўсіх гэтых формаў адвольнага перасьледу патрабуе ўсяго толькі палітычнай волі ў гэтай высока цэнтралізаванай сыстэме», — сказаў ён.
«Тым ня менш, неабходныя зьмены не павінны абмяжоўвацца мяккім падыходам да існых рэпрэсіўных правілаў. Урад Беларусі павінен распачаць шырокія рэформы па прывядзеньні заканадаўства ў адпаведнасьць зь міжнароднымі абавязальніцтвамі ў галіне правоў чалавека», — дадаў Харасьці.
Спэцыяльны дакладчык ААН падкрэсьліў, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе няма апазыцыі ў парлямэнце. Тым ня менш, сказаў ён, «парлямэнцкія выбары, якія маюць адбыцца ў 2016 годзе, будуць яшчэ адной магчымасьцю для ўладаў, каб засьведчыць сваю прыхільнасьць да рэформаў».
Беларускія ўлады адмаўляюцца прызнаць мандат спэцдакладчыка ААН Міклаша Харасьці і даць яму візу для наведваньня краіны.