Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук, камэнтуючы сёньняшнія заявы Аляксандра Лукашэнкі.
Прымаючы з дакладам міністра замежных спраў Уладзімера Макея, Лукашэнка закрануў тэму супрацоўніцтва з МВФ, Расеяй і Кітаем.
Кажучы пра супрацоўніцтва з МВФ, ён адзначыў, што перамовы зь імі трэба весьці «з улікам нашых пазыцый». Але, паводле ягоных слоў, фонд ня ўносіць Беларусі незразумелыя і непатрэбныя прапановы. «Мы будзем рэалізоўваць іх прапановы, як бы ні было складана», — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.
Лукашэнка таксама заявіў пра неабходнасьць «падшпіліць урад» да асваеньня крэдыту ад Кітаю на 7 мільярдаў даляраў. Гаворка ў дадзеным выпадку ідзе пра зьвязаны крэдыт, які паабяцаў кітайскі кіраўнік Сі Цзіньпін падчас свайго візыту ў Беларусь у траўні.
Што тычыцца Расеі, то, паводле слоў Лукашэнкі, улады Расейскай Фэдэрацыі прынялі рашэньне падтрымаць беларускую эканоміку. Але пра якую канкрэтна падтрымку ідзе гаворка, ён не ўдакладніў.
Яраслаў Раманчук лічыць, што ўсё гэта сьведчыць аб тым, што насамрэч беларускаму кіраўніцтву дагэтуль не ўдаецца дамагчыся атрыманьня «жывых грошай».
Я думаю, што калі б Крэмль падтрымаў беларускі ўрад грашыма, то Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў бы пра гэта адназначна і галосна.
«Я думаю, што калі б Крэмль падтрымаў беларускі ўрад грашыма, то Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў бы пра гэта адназначна і галосна. А паколькі ён выклікае Макея, каб зьвярнуць увагу на тое, як трэба асвойваць 7 мільярдаў кітайскага крэдыту, які зьвязаны і перш за ўсё стымулюе вытворчасьць кітайцаў, то відавочна, што там (на расейскім напрамку — РС) правал. А паколькі там правал, то „жывых грошай“ няма, а падтрымка можа быць такой, ад якой можа лепш і адмовіцца.
Калі сёньняшняя мадэль вымагае выключна грошай для падтрымкі цяперашняга курсу і вяртаньня даўгоў, а табе кажуць пра тое, што мы падтрымліваем цябе словам ці рынкам, на якім вы можаце гандляваць, то гэта выглядае як нейкі зьдзек», — кажа ён.
Паводле слоў Раманчука, сёньня беларускім уладам трэба думаць не пра расейскую фінансавую дапамогу, а перш за ўсё пра стварэньне новай дывэрсыфікаванай эканомікі, якая б менш залежала ад Расеі. «Але Лукашэнка зноў, акрамя новых крэдытаў, ня бачыць крыніцаў для вяртаньня тых даўгоў, якія ёсьць. Гэта тупік», — канстатуе экспэрт.