Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чаканьні бульдозэру,— івацэвіцкія ІП ля зачыненых гандлёвых месцаў


Пустыя ралеты на рынку ў Івацэвічах
Пустыя ралеты на рынку ў Івацэвічах

Прадпрымальнікі малых мястэчкаў сьцьвярджаюць, што бачаць меней пэрспэктываў, чым у вялікіх гарадах. У Івацэвічах на рынку — адзінкавыя людзі, якія кажуць, што ня ведаюць, куды ім падацца.

У меней чым 25-тысячным раённым цэнтры Івацэвічы некалькі соцень прадпрымальнікаў. Частка зь іх — гандляры на рынку. Аднак цяпер рынак амаль пусты, большасьць ралетаў зачыненыя, зь некаторых павывозілі тавар, а некалькі чалавек ужо нават згарнулі прадпрымальніцтва, скасаваўшы дамовы з рынкам.

Карэспандэнт Свабоды сустрэў невялікую групу ІП, якія стаялі ля зачыненых ралетаў і абмяркоўвалі сытуацыю, якая склалася:

«Пэрспэктывы ніякай... Самі ня ведаем, што нас чакае. За месца патрабуюць плаціць, а мы ня плацім. Кажуць, прыедуць, бульдозэрамі зраўняюць, ды што рабіць... Для таго, каб рэалізаваўся тавар, трэба, каб заробкі былі, а заробкаў у раёне няма...» — кажа спадарыня.

Рэкляма аб продажы гандлёвых аб’ектаў выглядае на рынку саркастычнай
Рэкляма аб продажы гандлёвых аб’ектаў выглядае на рынку саркастычнай

«Як жа няма, калі сярэдні заробак 6 мільёнаў? У газэце нават пра 7 пісалі», — сьмяецца другая гандлярка.

«Хто атрымлівае 7? То хай дадуць нам такі заробак, мы б пайшлі, канешне, я і за 5 згодная!» — кажа іншая прадпрымальніца.

Гандляры кажуць, што ў выпадку згортваньня прадпрымальніцтва ў невялікіх Івацэвічах сытуацыя з працаўладкаваньнем яшчэ горшая, чым у Берасьці ці Менску.

«Карацей, ні заробкаў няма, ні працы няма, дык нас пазбавілі яшчэ і апошняга. З цэнтру занятасьці сказалі, што 98 месцаў нам па раёне, і тое ўсе менавіта па раёне. Незразумела дзе, прадаўцамі ў крамах — усё, што яны нам могуць прапанаваць», — кажа спадарыня.

«І яшчэ нястачы потым у гэтых крамах плаціць...» — дадае другая.

Прадпрымальнікі распавялі, што ў Івацэвічах у студзені таксама адбываўся сход ІП з прадстаўнікамі ўладаў. Аднак чыноўнікі, як і ў іншых гарадах, мала чаго паабяцалі, кажуць суразмоўцы. Нават не пагадзіліся хаця б напалову зьменшыць аплату за арэнду месца на рынку на пэрыяд, калі змушана ня могуць гандляваць без наяўнасьці сэртыфікатаў.

Ад Івацэвічаў былі прадстаўнікі на Форуме прадпрымальнікаў, які адбыўся 1 лютага ў Менску. Адна з удзельніц форуму, спадарыня Ганна, якраз пад’ехала на ровары на рынак у часе размовы журналіста Свабоды з прадпрымальнікамі, ды выказалася, што трэба захоўваць аптымізм:

Івацэвіцкая прадпрымальніца Ганна прыяжджае на рынак на ровары
Івацэвіцкая прадпрымальніца Ганна прыяжджае на рынак на ровары

«Круглы стол прызначылі, будуць перамовы, таму цярпіце. А на 15-е ўжо санкцыю далі на мітынг. [...] Будзе, дзяўчаты, вынік, будзе. Я была ўпэўненая, а цяпер я больш упэўненая. Трэба дачакацца перамоваў. Гэта наша апошняе... Потым усё, сыдзем», — кажа Ганна.

Інфармацыя аб санкцыянаваньні ўладамі мітынгу ў Менску 15 лютага не пацьвярджаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG