Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каналы «Беларусь-1» і «Беларусь-3» будуць часьцей гаворыць па-беларуску


Трэці нацыянальны канал будзе паказваць замежныя (але не расейскія) фільмы па-беларуску, а першы стане карыстацца мовай крыху часьцей.

Яшчэ ў савецкія часы беларуская мова на ТБ успрымалася натуральна.

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька запэўніў, што павялічыць беларускамоўнае вяшчаньне, у першую чаргу на тэлеканале «Беларусь-3». А на канале «Беларусь-1» ён абяцаў таксама паказваць замежныя фільмы ў беларускім дубляжы:

«Я ўвогуле мару, каб ён (канал „Беларусь-3“ — РС) стаў цалкам беларускамоўным. Але гэта складана. Напрыклад, няма сэнсу перакладаць на беларускую мову расейскія фільмы. Іншыя замежныя фільмы мы будзем перакладаць, — казаў Давыдзька. — Вядома, хацелася б павялічваць прысутнасьць беларускай мовы на тэлевізіі. Але спачатку мусім часьцей выкарыстоўваць беларускую мову ў нашым грамадзтве, а потым мы пойдзем за ім».

Бандарэнка: «У мае часы такое пытаньне нават не паўставала»

Зінаіда Бандарэнка
Зінаіда Бандарэнка

Славутая тэлевядоўца і народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка згадвае, які быў стан мовы на беларускай тэлевізіі, дзе яна працавала ад 1962 году і да лукашэнкаўскіх часоў:

«Я не гляджу беларускае ТБ, каб не хвалявацца, каб сэрца не балела. Але бачу, што крышачку зрух ёсьць, што дайшло да чыноўнікаў, што трэба пашыраць вяшчаньне па-беларуску на радыё і тэлевізіі. Калі зробіцца — будзем вітаць. Але я лічу, што „Беларусь-3“ павінен цалкам перайсьці на беларускую мову, бо напачатку яны прэтэндавалі быццам бы на тое, каб гэта быў канал культуры.

У час, калі я працавала на ТБ, не было ніякіх ваганьняў. Мы проста абавязаныя былі працаваць толькі на беларускай мове. Ні ў кога нават не ўзьнікала пытаньняў. Чыноўнікаў мы прадстаўлялі па-беларуску, а яны выступалі на расейскай мове, але на гэта ніхто не зьвяртаў увагі — ня ведаюць мовы, ну і ня ведаюць. А цяпер жа ўсе падладжваюцца, хочуць быць такімі добрымі, таму мову адкінулі.

Калі езьдзілі кудысьці, прадстаўлялі краіну за мяжой, ды ў той жа Ўкраіне і Прыбалтыцы мы б паспрабавалі толькі паразмаўляць па-расейску!

Але быў такі выпадак, калі мне зрабіў заўвагу наш намесьнік упраўленьня культуры Міністэрства культуры. Гэта былі ў Кіеве Дні культуры. Выйшла і прадстаўляла нашы калектывы па-беларуску. Той з лаянкай накінуўся: „Хто даў вам права размаўляць па-беларуску? Тут у залі людзі з Масквы“».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG