Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія санкцыі супраць беларускіх уладаў: аднавіць ці адмяніць?


Свабода спытала беларускіх апазыцыйных палітыкаў, якое рашэньне ЭЗ па праблеме санкцыяў супраць афіцыйнага Менску яны б палічылі правільным у сёньняшняй сытуацыі.

Санкцыі супраць беларускіх уладаў былі замарожаныя 31 кастрычніка на 4 месяцы. Пытаньне санкцыяў будзе зноў разглядацца Радай міністраў замежных спраў Эўразьвязу 15 лютага. ЭЗ можна аднавіць дзеяньне санкцыяў, працягнуць мараторый ці цалкам адмяніць усе абмежаваньні.

Статкевіч: аднавіць хаця б часткова

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, былы палітвязень Мікалай Статкевіч лічыць, што хаця б часткова санкцыі супраць беларускіх уладаў трэба аднавіць.

Па-першае, на думку палітыка, санкцыі павінны быць адноўленыя адносна тых, хто мае дачыненьне да фальсыфікацыі выбараў:

Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

«Ёсьць афіцыйная справаздача БДІПЧ АБСЭ па выніках прэзыдэнцкіх выбараў. Тое, што ў гэтай справаздачы вельмі карэктнымі выразамі выказана, можна перадаць адной фразай: у Беларусі выбараў няма. Гэта афіцыйнае заключэньне. Такім чынам, зьдзейсьнена злачынства супраць беларускага народу. Таму, безумоўна, адмяняць санкцыі або прыпыняць іх супраць людзей, якія зьдзейсьнілі гэтае злачынства — значыць заахвочваць іх на злачынства надалей. І таму адназначна, на мой погляд, супраць тых, хто мае дачыненьне да выбараў, санкцыі павінны быць вернутыя», — кажа ён.

Па-другое, з пункту гледжаньня Статкевіча, санкцыі павінны быць адноўленыя супраць тых, хто быў замешаны ў катаваньнях палітзьняволеных.

«Цяпер зноў пачаліся катаваньні. Напрыклад, у шклоўскай калёніі чатыры супрацоўнікі знаходзіліся пад санкцыямі за катаваньні. Цяпер тыя ж людзі па надуманых падставах адправілі Андрэя Бандарэнку з калёніі ў „крытую“ турму, а „крытая“ турма — гэта ўзаконенае катаваньне. Такім чынам, яны ўспрынялі прыпыненьне санкцыяў супраць сябе як дазвол на катаваньні, як санкцыю на катаваньні. Я думаю, што супраць усіх, хто вінаваты ў катаваньнях, санкцыі павінны быць адноўленыя», — адзначае былы палітвязень.

Па-трэцяе, санкцыі павінны быць адноўленыя адносна тых супрацоўнікаў сілавых структураў, якія вінаватыя ў грубым парушэньні закону — зьбіваньнях, незаконных арыштах і г.д.

«Прыпынілі супраць іх санкцыі — і бачыце, што робіцца: пачынаюць ужо ў будынку суду зьбіваць людзей, у тым ліку журналістаў. Такім чынам, санкцыі супраць сілавікоў Лукашэнкі таксама павінны быць адноўленыя, а магчыма, і ўведзеныя новыя», — заявіў Статкевіч.

Янукевіч: працяг мараторыю

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што аптымальным варыянтам на сёньня будзе працяг мараторыю на санкцыі супраць беларускіх уладаў:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

«Я думаю, што самым разумным у гэтай сытуацыі будзе працяг мараторыю. З аднаго боку, дзеля таго каб не пагаршаць пэўную пазытыўную дынаміку, якая назіраецца ў разьвіцьці стасункаў, а зь іншага боку — каб было яснае пасланьне да беларускіх уладаў, што на гэты момант тое, як разгортваюцца справы ўнутры краіны, абсалютна ня можа быць ацэнена як цалкам зьняцьцё ўсіх праблемаў, і, адпаведна, нельга казаць пра тое, што санкцыі павінны быць цалкам і канчаткова зьнятыя. Таму працяг замарозкі быў бы, на мой погляд, аптымальным рашэньнем», — падкрэсьліў ён.

Севярынец: замарозка санкцыяў

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец заявіў Свабодзе, што ўпэўнены ў тым, што ЭЗ ня верне санкцыі. Па выніках сустрэч з эўрапейскімі дыпляматамі ён робіць выснову, што Брусэль разглядае толькі два варыянты: працягнуць замарозку або наагул зьняць санкцыі.

Павал Севярынец
Павал Севярынец

«Насамрэч сёньняшні рэжым нічога не зрабіў за гэтыя 4 месяцы, каб прымаць рашэньне аб адмене візавых абмежаваньняў і кропкавых санкцыяў. Думаю, калі Эўразьвяз пойдзе на адмену санкцыяў, Лукашэнка ўспрыме гэта як мандат на ўсёдазволенасьць. Тады зноў зьявяцца палітвязьні, адновіцца практыка разгону масавых дэманстрацыяў. А прыняць 27 краінам паўторна толькі што скасаваныя санкцыі будзе немагчыма. Таму гэта будзе катастрафічная палітычная памылка, на мой погляд. Адзінае, чаго заслугоўвае сёньняшні рэжым у цяперашняй геапалітычнай сытуацыі, — гэта працяг замарозкі з умовай, прынамсі да так званай парлямэнцкай кампаніі, выправіць усе тыя хібы і недахопы, якія адзначылі ЭЗ і ЗША. На мой погляд, гэта будзе хаця б лягічна», — кажа Севярынец.

Лябедзька: не адмяняць

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў Свабодзе, што прадстаўнікі апазыцыі ўзгаднілі зварот да ЭЗ з заклікам не адмяняць абмежаваньні супраць беларускіх уладаў.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Перш за ўсё трэба вызначыцца ў тэрміналёгіі. Няма ніякіх санкцыяў, гэта няправільнае пасланьне да грамадзтва. Есьць кропкавыя фінансавыя і візавыя абмежаваньні. І тут у нас ёсьць пазыцыя. Літаральна ўчора мы з шэрагам палітычных структур фактычна ўзгаднілі тэкст звароту да Рады міністраў Эўразьвязу і Дзярждэпартамэнту ЗША. Мы тут кансалідаваныя, мы лічым, што зьняцьцё кропкавых фінансавых і візавых абмежаваньняў перад выбарчай кампаніяй — гэта дэматывуе ўлады нешта мяняць у краіне. Да таго ж гэта кепскае пасланьне да прыхільнікаў перамен у Беларусі», — кажа палітык.

Паводле слоў Лябедзькі, такую пазыцыю, у прыватнасьці, падзяляюць рух «За свабоду», БХД, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Станіслаў Шушкевіч. Тэкст звароту на наступным тыдні павінен быць апублікаваны, дадаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG