Пра рашэньне прыпыніць перамовы да канца месяца паведаміў у сераду спэцпасланьнік ААН па сырыйскім крызісе Стафан дэ Містура.
Раней зьявілася інфармацыя пра тое, што сырыйская армія прарвала блякаду двух населеных пунктаў паблізу Алепа і наступае на пазыцыі паўстанцаў пры падтрымцы расейскай авіяцыі. У Вашынгтоне лічаць, што ўрадавая армія Сырыі пры падтрымцы РФ змагаецца ня столькі з экстрэмістамі «Ісламскай дзяржавы», колькі з прадстаўнікамі апазыцыі рэжыму Башара Асада.
«Вельмі цяжка зразумець, як удары па мірных аб’ектах у якой бы там ні было ступені могуць спрыяць мірнаму працэсу», — цытуе агенцтва Reuters прадстаўніка дзярждэпартамэнту ЗША Джона Кірбі.
«Мы па-ранейшаму бачым павелічэньне інтэнсіўнасьці расейскіх авіяўдараў па Алепа і яго ваколіцах, але яны наносяцца не па „Ісламскай дзяржаве“, а амаль выключна па апазыцыі», — дадаў амэрыканскі чыноўнік.
Менавіта расейскія дзеяньні ў Сырыі сталі адной з прычынаў таго, што ААН вырашыла спыніць мірныя перамовы, цытуе Reuters словы высокапастаўленага чыноўніка ААН, які пажадаў застацца неназваным.
У сваю чаргу, расейскі МЗС абвінаваціў у зрыве дыскусіі прадстаўнікоў сырыйскай апазыцыі.