На пытаньні прадпрымальнікаў адказаць, чым мясцовая ўлада можа ім дапамагчы, намесьнік старшыні аблвыканкаму Віктар Некрашэвіч параіў перабірацца ў паўднёва-ўсходнія раёны вобласьці. Там дзейнічаюць палёгкі ў падаткаабкладаньні, заявіў чыноўнік. Яму ў адказ прагучала рэпліка: «вы пасылаеце туды, дзе хутка пачнецца «галадамор». Абураныя прадпрымальнікі ўзьняліся зь месцаў і пакінулі залю.
На сустрэчу з дробнымі бізнэсоўцамі не прыйшоў старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімер Даманеўскі. Ад яго чакалі прадпрымальнікі адказаў на хвалюючыя іх пытаньні, зьвязаныя з сэртыфікацыяй тавараў лёгкай прамысловасьці прывезенай з Расеі.
Некрашэвіч патлумачыў, што кіраўнік вобласьці заняты іншымі пытаньнямі. У кожнага свая праца, зазначыў чыноўнік. Ён параіў, як у каго будзе жаданьне з Даманеўскім сустрэцца, то ёсьць адпаведная працэдура. Што да 222 указу, то было заяўлена:
«Новага я вам нічога не скажу, бо праблематыка ўся ў тым, што ўказ падпісваюць і адмяняюць тыя людзі, якія яго ўносяць. Кіраўнік дзяржавы не прымаў адпаведнага рашэньня. „Губэрнатару“ былі данесеныя патрабаваньні, якія мы абмяркоўвалі мінулы раз».
Паводле Ўладзімера Некрашэвіча пытаньні, зьвязаныя з зьмяншэньнем штрафных санкцыяў, з арганізацыяй праверак, якія ўздымаліся на мінулым сходзе з прадпрымальнікамі, перададзеныя ў адпаведныя структуры для вывучэньня. Адказаў пакуль няма з адтуль, прызнаў чыноўнік.
Прадпрымальнікі ўспрынялі адсутнасьць Даманеўскага на сходзе як не павагу да сябе.
«Чаму ён да нас не прыйшоў. Людзі да яго прыйшлі. Нам забаранілі выбіраць „губэрнатараў“, „мэраў“. Вас прызначаюць, а народ пакутуе. У вас заробкі ёсьць, а ў нас няма заробкаў. Калі ў нас адзін чалавек вырашае ўсё, дык навошта вы атрымліваеце заробак», абураліся, нягледзячы на просьбы чыноўнікаў трымацца парадку, прадпрымальнікі.
На людзкую незадаволенасьць Некрашэвіч адказаў фразай зь мінулага сходу: «улада ў крыўду бізнэс ня дасьць».
На пытаньні як ня будзе даваць абласная ўлада крыўдзіць прадпрымальнікаў, канкрэтнага адказу не было. Людзі аднак патрабавалі адказаў. Чаму, абураліся яны, стварыўшы агульную мытную прастору, у краінах, якія уваходзяць у яе, дзеюць розныя законы і падыходы што да дробнага бізнэсу.
Людзі азлобленыя, і калі адбудзецца прадпрымальніцкі мітынг, то ён можа перарасьці ў шэсьце, перасьцерагаў яшчэ адзін прадпрымальнік. Самае найлепшае на ягоную думку, што можа зрабіць улада гэта: «Цяпер жа прыпыніць дзеяньне 222 указу». Чаму, задаваўся пытаньнем бізнэсовец, калі прэзыдэнт зрабіў памылку, то ён яе ня хоча прызнаць. «Прызнаўшы яе, яго будуць яшчэ больш паважаць», даводзіць прамоўца.
Патрабавалі прадпрымальнікі і адказу, чаму гэтак растуць штрафы. Адна з выступоўцаў зазначыла: калі яна прыйшла гандляваць штрафы былі ад 2 да 10 базавых велічыняў. «Гэта было прыймальна, па нашых заробкаў, — даводзіла яна. — Але скажыце мне якім чынам штрафы дарасьлі да ад 200 базавых велічыняў?»
Нам увесь час тыцкаюць, што мы нейкія вошы на целе ў дзяржавы.
«Нам увесь час тыцкаюць, што мы нейкія вошы на целе ў дзяржавы. Гэта як трэба нас не паважаць, каб гэтак тыкаць. Калі гэта скончыцца? Мы згодныя плаціць падаткі. Вы кажыце: мы многае адладзім, але вы спачатку адладзьце, а потым стаўце нас у гэтыя умовы. Мы хочам працаваць чэсна, а не выкручвацца», зазначыла прадпрымальніца.
На сходзе чыноўнікі прызнавалі, што многае ў стасунках між дзяржавамі агульнай мытнай прасторы ня ўзгоднена і не адпрацавана. «Усё знаходзіцца ў стадыі прапрацоўкі», заўважалі службоўцы.
Мы хочам працаваць, плаціць падаткі ў бюджэт, а вы, улада, нас пазбаўляеце такой магчымасьці.
«Мы хочам працаваць, плаціць падаткі ў бюджэт, а вы, улада, нас пазбаўляеце такой магчымасьці. Перакажыце нашы словы прэзыдэнту», зьвярнулася да чыноўнікаў адна з прадпрымальніц.
Галоўнае ж пытаньне прадпрымальнікаў: «Што нам рабіць ды як працаваць», заставалася без адказу.
Дык вы, зьвярнуўся да чыноўнікаў яшчэ адзін прадпрымальнік, ці можаце што зрабіць для народу? «Хоць мы вас і не выбіраем, але адкажыце нам. Што вы нас увесь час да Лукашэнкі адпраўляеце», не сунімаўся бізнэсовец.
«Тыя пытаньні, якія вы ўздымаеце, гэта не пытаньні Магілёва і Магілёўскай вобласьці. Па ўсёй краіне праходзяць такія сходы цяпер. Такія, можна сказаць, хваляваньні, якія, можа быць ператворацца ў нейкія дзеяньні мясцовай органаў улады і рэспубліканскіх», казаў, супакойваючы прадпрымальнікаў, Віктар Некрашэвіч у канцы сустрэчы.
Чыноўнік згадаў, што на мінулым пасяджэньні ўздымалася пытаньне пра якасьць прадукцыі айчыннай лёгкай прамысловасьці, адсутнасьць інфраструктуры гуртавых закупаў, пастаянных праверак і штрафаў. Паводле Некрашэвіча гэтыя пытаньні будуць разглядацца заўтра на пасяджэньні міністэрства эканомікі.
«Я нікуды вас не хачу адпраўляць, але кажуць: рыба жыве, дзе глыбока, а чалавек, дзе рыба. Гэтак і тут з указам прэзыдэнта 235: стварэньне сацыяльна-эканамічнага выроўніваньня сытуацыі ў паўднёва-ўсходніх раёнах нашай вобласьці. Там на тры працэнтных пункта менш падатак на даход, фонд абароны насельніцтва, пад 1 працэнт жытло і інфраструктура за кошт бюджэту...».
Дагаварыць Віктару Некрашэвічу не далі. Прадпрымальнікі ўзьняліся зь месцаў і рушылі да выхаду. Некаторыя нагадвалі чыноўніку пра ўзровень радыяцыі ў тых раёнах.
Там галадамор хутка будзе, а вы нас туды адпраўляеце.
Адзін не ўстрымаўся і заявіў: «Там хутка пачнуцца трыццатыя гады. Зьезьдзіце туды. Там галадамор хутка будзе, а вы нас туды адпраўляеце».
«У добрае месца нас не пашлюць», — дадала ягоная каляжанка.
На тым сустрэча з намесьнікам старшыні аблвыканкаму Віктарам Некрашэвічам, начальнікам упраўленьня прадпрымальніцтва Віктар Красоўскі ды намесьнікам начальніка абласной інспэкцыі па падатках і зборах Мікалаем Панковым скончылася.