Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлеканал «Дождж»: Ды Капрыё пагадзіўся на ролю Пуціна


Уладзімір Пуцін і Леанарда ды Капрыё
Уладзімір Пуцін і Леанарда ды Капрыё

Амэрыканскі актор Леанарда Ды Капрыё даў папярэднюю згоду на выкананьне ролі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Пра гэта ў аўторак, 2 лютага, расейскаму тэлеканалу «Дождж» паведамілі адразу дзьве крыніцы, блізкія да вытворцы фільму — кампаніі Knightsbridge Entertainment (незалежны кінавытворца, зарэгістраваны ў Вялікабрытаніі, які мае прадстаўніцтва ў Амэрыцы, Эўропе і Азіі).

Праект фільму ўжо ёсьць на сайце кампаніі, а таксама на сайце базы дадзеных пра кіно IMDb. На абодвух рэсурсах праект называецца «Пуцін», а побач з загалоўкам паказана, што карціна знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі («у разьвіцьці»). Прадусарам праекту выступае Марк Дэйман.

Адзін з топ-мэнэджараў Knightsbridge Entertainment Валеры Сааран, які прадстаўляе інтарэсы кампаніі на тэрыторыі Эўропы і Азіі, пацьвердзіў «Дажджу», што праца над фільмам «Пуцін» вялася ўвесь апошні год і цяпер зацьвярджаецца фінальная вэрсія сцэнару.

Выдаваць дадатковыя дэталі Сааран ня стаў, паведаміўшы, што над сцэнарам фільму працавалі тры аўтары, а імя рэжысёра «ва ўсіх на слыху». У кастынгу фільму задзейнічаны адразу некалькі зорак Галівуду першай велічыні, растлумачыў Сааран, але іх імёны прадстаўнік кампаніі таксама адмовіўся раскрываць да пачатку здымак.

Паводле дадзеных каналу «Дождж», Ды Капрыё ўжо даў папярэднюю згоду на выкананьне галоўнай ролі. Здымкі пачнуцца вясной 2016 году і пройдуць у Расеі, Амэрыцы і Эўропе. Выхад фільму заплянаваны на вясну 2017 году.

Паводле словаў прадстаўніка кампаніі, жанр фільму — палітычны трылер з фактамі з жыцьця і працы прэзыдэнта, які апынуўся на вяршыні сусьветнай палітыкі. «Ад афіцэра КДБ, прэм’ер-міністра — да прэзыдэнта. Чалавек-міт. Погляд на асабістае жыцьцё і кар’еру аднаго з самых уплывовых людзей сьвету», — сказана ў апісаньні праекту.

Зьвязацца з афіцыйным прадстаўніком Ды Капрыё тэлеканалу «Дождж» пакуль не ўдалося. Прэс-сакратар кіраўніка Расеі Дзьмітры Пяскоў ня стаў камэнтаваць «Дажджу» інфармацыю пра фільм, сказаўшы, што нічога пра гэта ня ведае.

Пуцін быў бы вельмі-вельмі-вельмі цікавым, я б з задавальненьнем сыграў яго.

Паводле крыніц тэлеканалу, Пуцін ведае, што амэрыканцы зьбіраюцца зьняць пра яго фільм. У студзені ў інтэрвію нямецкаму выданьню Welt am Sonntag Ды Капрыё сказаў, што ён ня супраць выканаць ролю расейскага прэзыдэнта. «Пуцін быў бы вельмі-вельмі-вельмі цікавым, я б з задавальненьнем сыграў яго», — сказаў тады актор.

Раней пра жаданьне зьняць фільм пра расейскага лідэра распавёў рэжысёр Олівэр Стоўн. Але да фільму «Пуцін» Стоўн ня мае ніякага дачыненьня, растлумачылі «Дажджу» ў кампаніі-вытворцы. Актор і прадусар Марк Дэйман удзельнічаў у працы над больш чым 300 поўнамэтражных карцін, сярод якіх такія фільмы як «Ніколі не кажы „ніколі“», «Гонар сям’і Прыццы», «Аднойчы ў Амэрыцы» і іншыя. У партфэлі Knightsbridge Entertainment такія фільмы як «Дзьве рулі», «Плян уцёкаў» і такая частка «бандыяны», як «Квант міласэрнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG