Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вайна будзець. Беларусу дай палку ў рукі, ён заб’е. Ён ціхі-ціхі, але давядзі яго»


Квачы. Глыбоцкі раён
Квачы. Глыбоцкі раён

Калі едзеш па трасе Полацак — Вільня, дык вёску Квачы, як і многія іншыя вёскі, якія перасякаюць трасу, пралятаеш, не заўважаючы нічога цікавага. Хоць нецікавых вёсак у Беларусі не бывае. Напрыклад, першая цікавостка — гэта не вясковая вуліца перасякае міжнародную трасу. Гэта дарога ў 60-я гады перарэзала вёскі напалам.

Старажытная, апетая ў вершах дарога зь Вільні на Полацак праходзіць крыху на поўнач. Уздоўж вёсак. А тут людзі, якія калісьці будаваліся на дальнім вясковым канцы і зьбіраліся спакойна жыць у зацішным кутку, раптам апынуліся ў віры транспартнага жыцьця. Як 85-гадовая Вераніка Квач. Чыя ўтульная хата заўжды дрыжыць, як пралятаюць цяжкія фуры.

Вераніка Квач
Вераніка Квач

— Тут ні курэй ня можна трымаць. І сабака можа трапіць пад машыну. Я ўжо гэтыя машыны ня чую, бо прызвычаілася. Раней было, і грукаліся начамі. А цяпер ужо не. Нават калі і аварыя. Самі выклікаюць хуткую. А было ж аднойчы, фура ноччу ўляцела ў гарод. Да самай студні. Усе яблыні папаламала. Шафёр застаўся жывы. А неяк трактар заляцеў.

Вераніка — рэдкая жанчына. Яна зусім адмовілася ад тэлевізара. Пасьля таго як тры гады таму пайшоў з жыцьця адзін зь яе сыноў.

— Тры гады, як памёр. І я пасьля ягонай сьмерці закрыла тэлевізар. Таму што мне ня трэба, каб было вясёла. Па транзыстары імшу паслухаю, навіны. Я цярпеньне нясу, і гэтаму трэба радавацца. Што нешта заробіш на той сьвет. Той, хто ня верыць, той думае, што тут адбудзець. А тут мы толькі ў дарозе.

Другі сын Веранікі, Язэп Квач, жыве ў Шаркоўшчынскім раёне, у вёсцы Жукоўшчына. Гэты краязнаўца і калекцыянэр быў героем нашай перадачы летась. Дзякуючы такім людзям і застаюцца паданьні пра вёскі і пра людзей, якія іх насялялі.

Язэп Квач
Язэп Квач

— На пачатку 70-х гадоў, як толькі пайшоў у школу, мы разам з братам захацелі запісаць усіх жыхароў, якія жылі ў Квачах. Мы тады налічылі 382 чалавекі. А ў 2009-м засталося толькі 80. А па прозьвішчах самыя шматлікія — Квачы.

У Заходняй Беларусі ў людзей стаўленьне да закінутай зямлі сакральнае. Бо яшчэ жыве памяць пра тыя часы, калі зямля ня толькі належала дзядам. Але і давала магчымасьць выжываць.

— У 30-я гады, калі вёску разьбіралі на хутары, мой дзед па маці таксама атрымаў хутар. І, як маці казала, было мала «вокнаў». Гэта значыць — месцаў, чыстых ад кустоў. Дзеду давялося карчаваць тыя кусты, рваць іх. Падрываць сваё здароўе. Другі ж дзед паехаў на заробкі ў Францыю. Працаваў там на вугальных шахтах. І баба туды была паехаўшы, працавала кухаркай. Там нарадзіўся мой бацька. І ад 33-га года да канца саракавых працавалі на сваёй зямлі. Дык вось як цяжка тая зямля даставалася. І цяпер мяне бярэць такі жаль, такая жуда... Як пойдзеш на тыя месцы. Я ведаю, дзе былі старыцы і аднаго, і другога дзеда. Усё пазарастала хмызьняком, такая дзіч і глуш. І гэта ж была ўсё зямля ўробленая. І давала жыцьцё сотням чалавек. Давала і працу, і хлеб надзённы для нашых людзей. А цяпер без гаспадара ўсё зарастае.

Перад хатай Веранікі стаіць скульптура сьвятога Антонія і крыж. Скульптуру замовіла сама Вераніка.

— Сьвяты Антоні ў мяне ў двары. Так я ўжо яму ўверыла. Так я ўжо задаволеная, што гэтую фігуру мне прывезла Іра Бервячонак. Летам выйду на лаву, сяджу малюся.

Пачуць нешта добрае пра іншага чалавека ў беларускіх вёсках — рэч нярэдкая. Але сваю суседку Ірыну Бервячонак, якая прывезла Антонія з Польшчы, Вераніка проста асыпала камплімэнтамі.

— Якая яна харошая! Якая яна ня нэрвенная! Як яна ўсім паможыць! Як яна ўсіх любіць! Гэткага чалавека ў Квачах болей няма. Што ёй ні скажы, што ні папрасі, усё будзець!

На такіх жанчынах, як Ірына, насамрэч усё ў нашай краіне і трымаецца. У тым ліку і тое, што беларускі рубель канчаткова не ператварыўся ў паперу. Ірына мае крамку дзіцячых тавараў у Глыбокім, дзе апошнім часам людзі рэчы коштам паўмільёна куплялі ў растэрміноўку. А яшчэ ў кампаніі зь іншым квачоўцам Ірына вырошчвае цыбулю ў велізарнай цяпліцы. Мы ўвайшлі ў пабудову, дзе некалькі чалавек рознага ўзросту пакавалі пахучую зялёную цыбулю.

— Што летась была цана трыццаць пяць тысяч за кіляграм цыбулі, што сёлета. А з далярам самі бачыце што творыцца. Сэнсу працаваць няма. А падняць цану — і хто будзе купляць? Толькі радня дапамагае. Працуем, каб не загубіць справу. Мы адкрылі гэту цяпліцу ў 2010-м годзе. Тады гэта быў бізнэс. А зараз — каб толькі на плыву ўтрымацца.

Займацца сёньня можна і сельскай гаспадаркай, і гандлем. Але альбо ў нуль, альбо ў мінус. Ірына ня падае духам. Не ўпадае ў гістэрыку. Яна спакойна разважае пра эміграцыю ў суседнюю Польшчу. Не сумняюся, што зь яе энэргіяй, мазгамі і працалюбствам яна там не прападзе. А хто ж тут застанецца?

Я заўжды ў першую чаргу гутарыў зь людзьмі сталага веку. Якія памятаюць мноства гісторыяў і дэталяў самай драматычнай беларускай эпохі. Гутарыць зь людзьмі маладзейшымі, саракагадовымі, мне здавалася заняткам малацікавым. Бо пра што можна пагаварыць з задаволенымі жыцьцём, заўжды нападпітку, «ня лезушчымі ў паліціку», амаль шчасьлівымі людзьмі? Але цяпер чым далей, тым больш будзе тэмаў для размовы. Бо палітыка паціху-патроху сама пачынае цікавіцца людзьмі. Вось на вуліцы кураць некалькі нестарых мужчын. На выгляд абсалютна нармальных гаспадароў. І пра што яны гавораць? А пра тое, як выжыць, калі чатыры месяцы калгас ня плаціць грошы.

— Ужо чатыры месяцы зарплату ня плацяць.

— А ў магазіне даюць у доўг?

— Вунь там крама. «Кумпячок» называецца. Дадуць булачку і х... І яшчэ пярлоўкі кіляграм узяў.

— Вы жывяце на пярлоўцы і на хлебе?

— Так. Усе калхозьнікі галодныя.

— І даўно такая сытуацыя?

— Летам на тры месяцы затрымлівалі. А ў 16-м годзе зусім нічога ня будзець.

Вайна будзець. Беларусу дай палку ў рукі, ён заб’е. Ён ціхі-ціхі, але давядзі яго.

— Вайна будзець. Беларусу дай палку ў рукі, ён заб’е. Ён ціхі-ціхі, але давядзі яго.

— Вось хутка пойдуць сьвятло правяраць. А плаціць няма чым. Абрэжуць. Будзем безь сьвятла.

А якія цудоўныя чуткі і байкі нараджаюцца пра чыноўнікаў! Пакуль яшчэ не пра прэзыдэнта, але ўжо пра абласнога старшыню. І калі раней усе чуткі пачыналіся словамі «адна баба казала», дык цяпер пачынаюцца — «у інтэрнэце было напісана». Сумнеўную «адну бабу» замяніў аўтарытэтнейшы «пан інтэрнэт».

— У маёй знаёмай крэдыты вялікія. Зараз зь верасьня ніякіх грошай не даюць. Зьвярнулася ў Віцебск да старшыні аблвыканкаму. На прамую лінію. У інтэрнэце адказ. Ягоны! «А хто вас прымушаў браць крэдыты?» — «А як дзяцей гадаваць?» — «А хто вас прымушаў нараджаць?» Вось такі адказ старшыні аблвыканкаму.

Зразумела, што рэальны віцебскі старшыня Мікалай Шарстнёў такіх словаў сказаць ня мог. У гэтай байцы добра бачна стаўленьне простага народу да сваіх начальнікаў. Дарэчы, афіцыйная прапаганда так доўга паўтарала гэтае словазлучэньне — «просты народ», што сама ў яго паверыла. Слова «просты» ва ўяўленьні чыноўнікаў, напэўна, азначае «дурны» і «баязьлівы», каму можна вярзьці любую хлусьню. Усё зьесьць. Але ж ня ўсё так проста з простым народам.

«Пойдзем красьці». Гэта першае, што прыходзіць у галаву сялянам у гэтай сытуацыі. І зразумець іх можна. Не мітынг жа зьбіраць у Квачах. Хаця, чаму б і не?

— Пойдзем красьці.

— А што тут скрадзеш?

— А апошняе скрадзем.

«Пойдзем красьці». Гэта першае, што прыходзіць у галаву сялянам у гэтай сытуацыі. І зразумець іх можна. Не мітынг жа зьбіраць у Квачах. Хаця, чаму б і не?

Вось хто пэўна ня пойдзе красьці і ня будзе ўпадаць у адчай, дык гэта Яўген Квач. І не таму, што гэты былы трактарыст ужо 18 гадоў як пэнсіянэр. А таму, што ён чалавек апантаны прыгажосьцю. Ягоны падворак бачны здалёку. Бо каля ўваходу растуць дзьве высачэзныя блакітныя яліны.

Яўген Квач
Яўген Квач

— Гэтым ялінам гадоў пад сорак. Я іх прывёз з Рыгі. А колькі яблынь было! Як зацьвітуць! Проста агонь здалёку. Мне трэба, каб болей было відаў і сартоў. У мяне яблыка было сартоў дваццаць.

Садаводзтвам Яўген захапіўся яшчэ ў дзяцінстве. Здаецца, няма такой кветкі на зямлі, што не расла б у ягоным міні батанічным садзе. Так і жыў бы садавод-аматар разам з жонкаю Бэрнардай у кветкавым раі. Але рай пакрысе пачаў разбурацца з-за калгаснай хіміі, якой апрацоўваюцца палі. І ўжо няма каму перадаць свой сад.

— Зь якім настроем сустрэлі Новы год?

— Як той казаў... Жывымі не здадзёмся!

А скончым наша падарожжа, па традыцыі, вершам Язэпа Квача.

Для нас што «квач»? Зусім то не абраза.
Між прозьвішчаў другіх ярчэйшы сьлед.
Яно для нас нароўні слоў высокіх.
Такіх, як бы «радзіма», «маці», «хлеб».
Каб заслужыць пахвал «квачы квачамі»,
З нас кожны пяўся лепшым стаць
Ў рабоце, на вучобе, між людзямі.
І мы імкнуліся дэвіз свой апраўдаць.
І сёньня я даю наказ грунтоўны
Квачоўскім самавітым ўцекачам.
Удзячны будзьце вы зямлі, што ўзгадавала.
У сьвеце, між людзей, нясіце славу вы Квачам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG